Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/21/ru_1004793_458712/
Дата раздрукоўкі: 19.07.2019 03:07
21.05.2019 12:58 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка незадаволены тым, як урад вырашае праблему з няякаснай нафтай

Мінск, 21 мая. Аляксандр Лукашэнка незадаволены тым, як урад вырашае сітуацыю з пастаўкамі ў Беларусь і транзітам цераз беларускую тэрыторыю няякаснай нафты з Расіі. Пра гэта ён заявіў 21 мая на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі.

"Нашумелая праблема "атрутнай" гэтай нафты. Якая цяпер сітуацыя ў нас? Я прачытаў даклад і вярнуў яго прэм'ер-міністру. Вы мне больш не пішыце гэтыя даклады. Вы проста губляеце час. Трэба два радкі: чаго вы дамагліся станоўчага за апошні час. Навошта вы мне апісваеце увесь свой гераізм, з кім вы там сустракаліся, з кім размаўлялі, што абмяркоўвалі, як? Мне патрэбен вынік", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Няякасная расійская нафта стала паступаць у красавіку. З-за забруджанай хлорарганікай сыравіны на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па нафтаправодзе "Дружба" быў спынены цалкам. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.

Беларусь разлічвае на кампенсацыю шкоды ад паставак і транзіту "бруднай" нафты. 11 мая Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай расійскай нафты Беларусь страціла "велізарныя грошы" — сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн долараў, а ўрон ад пашкоджанага абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн долараў. У сваю чаргу міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе "Дружба", хутчэй за ўсё, не перавысіць 100 млн долараў.

Перамовы аб кампенсацыі шкоды вядуцца ўжо некалькі тыдняў, бакі ўзгаднілі праект дарожнай карты па ўрэгуляванні сітуацыі з пастаўкамі нафты, а таксама стварылі рабочую групу па ацэнцы шкоды і вызначэнні спосабаў кампенсацыі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН