Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/22/ru_1004941_1004942/
Дата раздрукоўкі: 22.01.2020 15:22
22.05.2019 09:15 Эканоміка, Грамадства

Работадаўцаў у Беларусі плануюць абавязаць рабіць дадатковыя страхавыя ўзносы

Мінск, 22 мая. Федэрацыя прафсаюзаў, а таксама міністэрствы эканомікі, працы і сацыяльнай абароны выступаюць за ўвядзенне ў Беларусі абавязковага страхавання адказнасці работадаўцаў за нявыплату заработнай платы пры банкруцтве арганізацыі.

Паводле звестак БелаПАН, прафсаюзы па гэтай тэме накіроўвалі ў маі ліст на імя кіраўніка дзяржавы. Там было ўказана, што ў апошнія гады амаль 40% арганізацый, у дачыненні да якіх былі распачатыя справы аб банкруцтве, мелі запазычанасць па аплаце працы і ўзносах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

У сувязі з гэтым прафсаюзы прапаноўваюць увесці абавязковае страхаванне адказнасці камерцыйных структур за нявыплату заработнай платы пры банкруцтве арганізацыі.

Міністэрства эканомікі сумесна з Міністэрствам фінансаў ужо распрацавалі праект укаранення абавязковага страхавання адказнасці за нявыплату заработнай платы пры банкруцтве арганізацыі. Мяркуецца, што страхавы тарыф складзе 0,1% ад фонду аплаты працы. Гэтыя ўнёскі камерцыйныя арганізацыі Беларусі павінны будуць выплачваць страхавой кампаніі. За кошт адлічэнняў работадаўцаў плануецца сфарміраваць спецыяльны страхавы кампенсацыйны фонд.

У тых выпадках, калі работадаўца будзе прызнаны банкрутам, яго працаўнікі змогуць разлічваць на гарантаваныя страхавыя выплаты з гэтага фонду. Міністэрства эканомікі лічыць, што краіне новы від абавязковага страхавання патрэбны. "Неэфектыўнае вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці можа справакаваць наступленне фінансавых праблем у прадпрыемства аж да эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) і, як следства, пацягнуць невыкананне абавязацельстваў па выплаце заработнай платы", — гаворыцца ў лісце Міністэрства эканомікі, які на днях атрымалі грамадскія аб'яднанні Беларусі.

У Мінэканомікі лічаць, што "цяжар рызык прадпрымальніцкай дзейнасці пераразмяркоўваецца на работніка". У сувязі з гэтым міністэрства просіць падтрымаць грамадскія аб'яднанні, прадстаўнікоў бізнес-аб'яднанняў праект аб увядзенні абавязковага страхавання за нявыплату заработнай платы пры банкруцтве арганізацыі.

"Мяркуем, што станоўчыя сацыяльныя наступствы ад увядзення прапанаванага віду абавязковага страхавання значна перакрываюць адмоўны эфект ад малаважнага павелічэння фіскальнай нагрузкі на суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасці ў форме адлічэнняў на такое страхаванне", — адзначаюць у Міністэрстве эканомікі.

У сваю чаргу прадстаўнікі бізнес-аб'яднанняў лічаць, што на работадаўцаў ужо цяпер ускладзена вялікая нагрузка па выплаце падатковых і непадатковых плацяжоў. Нагадаем, кожны месяц 34% ад фонду аплаты працы беларускія работадаўцы пералічваюць у ФСАН, а з зарплаты работнікаў утрымліваюць 1% для пералічэння страхавых узносаў.

"Мы прапанову аб увядзенні новага віду абавязковага страхавання можам падтрымаць толькі ў тым выпадку, калі страхавы ўзнос у памеры 0,1% будзе выплачвацца не работадаўцамі ад фонду аплаты працы, а работнікамі са свайго заробку", — падкрэсліла ў каментары БелаПАН віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Лілія Коваль.

На яе думку, страхавы фонд на выпадак узнікнення крызісных сітуацый на прадпрыемствах можа спатрэбіцца. "Але чаму за ўсё павінен адказваць работадаўца? Ён павінен стварыць і працоўныя месцы, і выплачваць гіперпадаткі, і яшчэ адказваць за лёс усіх работнікаў?!" — задаецца пытаннем Коваль.

Заснавальнікі прыватных кампаній, адзначыла яна, часта не атрымліваюць ні капейкі ад дзяржавы, рызыкуюць сваімі сродкамі і бяруць на сябе вялікую адказнасць за бізнес, таму накладваць дадатковую нагрузку на іх не варта.

"Кожны работнік павінен разумець, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў і трэба нешта рабіць самім, каб застрахаваць сябе на выпадак крызісных сітуацый", — рэзюмавала Коваль.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН