Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/24/ru_1005255_123/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 20:35
24.05.2019 12:06 Эканоміка, Палітыка

Румас накіраваўся ў Маскву на перамовы з Мядзведзевым

Мінск, 24 мая. Прэм`ер-міністры Беларусі і Расіі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў правядуць 24 мая перамовы ў Маскве, паведамілі БелаПАН у прэс-службе беларускага ўрада.

Румас, які ўжо накіраваўся ў расійскую сталіцу, сустрэнецца з расійскім калегам у фармаце сам-насам і правядзе перамовы ў пашыраным складзе. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі таксама віцэ-прэм`еры Ігар Ляшэнка і Ігар Петрышэнка, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

21 мая Румас паведаміў журналістам, што на перамовах з Мядзведзевым плануе абмеркаваць сітуацыю з няякаснай расійскай нафтай. "Створаная рабочая група, учора старшыня канцэрна "Белнафтахім" вярнуўся з Расійскай Федэрацыі, раніцай дакладваў, што з Расіяй практычна ўзгодненая дарожная карта. І некаторыя яе пункты ўжо выконваюцца абодвума бакамі, нягледзячы на тое што яна яшчэ не фармалізаваная, — сказаў ён. — У гэтай дарожнай карце змяшчаецца ўвесь пералік мер, які дазволіць, па-першае, вырашыць пытанне адпампоўкі з труб некандыцыйнай нафты і аднавіць транзіт у бок Заходняй Еўропы. Другі блок пытанняў — гэта кампенсацыя Беларусі ў сувязі са стратамі, панесенымі ў выніку гэтага інцыдэнту. Але сёння асноўная задача — гэта вызваліць транзіт, каб Беларусь магла атрымліваць плату за транзіт нафты, які ідзе праз яе тэрыторыю".

Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада РФ, прэм`ер-міністры абмяркуюць "актуальныя пытанні расійска-беларускага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы", а таксама "пытанні інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза".

Прэс-сакратар Мядзведзева Алег Восіпаў 21 мая удакладніў ТАСС, што будуць абмяркоўвацца завінавачанасць, якая ўзнікла ў Мінска перад Масквой у сувязі з рэалізацыяй "незаконнай схемы" паставак розных нафтапрадуктаў на экспарт пад выглядам растваральнікаў, якая дзейнічала ў 2011—2012 гадах, а таксама праблемы вакол паставак расійскай нафты неналежнай якасці па трубаправодзе "Дружба".

Няякасная расійская нафта пачала паступаць па трубаправодзе ў красавіку. З-за забруджанай хлорарганікай сыравіны на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па нафтаправодзе "Дружба" быў спынены цалкам. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.

Беларусь разлічвае на кампенсацыю шкоды ад паставак і транзіту "бруднай" нафты. 11 мая Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай расійскай нафты Беларусь страціла "велізарныя грошы" — сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн долараў, а ўрон ад пашкоджанага абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн долараў. У сваю чаргу міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе "Дружба", хутчэй за ўсё, не перавысіць 100 млн долараў.

Перамовы аб кампенсацыі шкоды вядуцца ўжо некалькі тыдняў, бакі ўзгаднілі праект дарожнай карты па ўрэгуляванні сітуацыі з пастаўкамі нафты, а таксама стварылі працоўную групу па ацэнцы шкоды і вызначэнні спосабаў кампенсацыі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН