Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/30/ru_1006041_1006042/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 15:35
30.05.2019 16:14 Палітыка

Новы пасол РФ: Расіі і Беларусі трэба крыху спакайней гаварыць пра існуючыя праблемы

Мінск, 30 мая. Беларусі і Расіі варта спакайней гаварыць пра праблемы ў адносінах і больш прыцягваць увагу да тых планаў і задач, якія ідуць на карысць людзям, лічыць новы пасол РФ у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.

"Аб`ём адзінства ў падыходах прынцыпова перавышае аб`ём тых, напэўна, аб`ектыўных і ў рамках эканамічнага дыялогу безумоўных спрэчак, якія патрабуюць вырашэння, зверкі пазіцый і выхаду на вынік, — сказаў Мезенцаў 30 мая ў інтэрв`ю тэлеканалу "Расія 24". — Дыпламатыя можа дапамагаць нацыянальным камандам весці больш глыбокі дыялог, часам адсоўваючы неістотныя, секундныя, можа быць нават кан`юнктурныя, моманты на карысць перспектывы, на карысць будучыні".

На думку Мезенцава, Расіі і Беларусі трэба "крыху спакайней, крыху больш узважана, крыху больш адстаронена казаць пра тыя малыя праблемы, якія ёсць, і больш прыцягваць увагу грамадства да таго набору планаў і задач, якія дазволяць людзям жыць больш камфортна, заможна і ўпэўнена ў сваім заўтрашнім дні". "Саюзніцкія адносіны Беларусі і Расіі патрэбныя народам, патрэбныя нашым эканомікам, патрэбныя развіццю і ўзбагачэнню ў сацыяльнай сферы, галоўнае — патрэбныя мільёнам грамадзян Беларусі і Расійскай Федэрацыі", — заявіў пасол.

Пры гэтым ён падкрэсліў: "Ніхто з палітычных кіраўнікоў нашых краін, прадстаўнікоў урадаў, эканамічнага блока ніколі не казаў, што мы не глядзім у будучыню з улікам пазіцый саюзнай дамовы, з улікам традыцый брацкіх народаў, блізкасці славянскай культуры, нават традыцый рэлігійных".

Нягледзячы на спрэчкі, якія ўзнікаюць, "мы проста абавязаны жыць у міры і дружбе, бачыць цікавасць партнёра і падтрымліваць яго, дзе гэта магчыма", лічыць дыпламат. "Пры гэтым разлічваем на такое ж стаўленне да сістэмы абароны інтарэсаў нашай краіны і ўлік інтарэсаў рэгіёнаў Расіі", — дадаў Мезенцаў.

Паводле яго слоў, прадстаўнікам Расіі "не трэба рабіць акцэнты на тым, што не зроблена". "Нам трэба казаць, прадстаўляючы грамадствам нашых краін вынік, аб зробленым з улікам прагнозу на найбліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву, — мяркуе новы пасол. — І так збіраюся працаваць я. Перакананы, так будзе працаваць і каманда пасольства. Пасольства павінна быць ўпісана ў рэалізацыю тых вялікіх планаў, якія вызначае нацыянальны лідар краіны Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін у дыялогу з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам".

Пасольства Расіі ў Мінску Мезенцаў назваў "домам з шырока расчыненымі дзвярыма для спецыялістаў, экспертаў, кіраўнікоў, прадстаўнікоў медыйнага цэха". "Я з вялікай павагай стаўлюся да працы журналістаў, паважаю ўзважаны, прафесійны і сумленны падыход без падтасоўвання і кан`юнктуры", — запэўніў дыпламат.

У канцы інтэрв`ю журналіст спытала Мезенцава, як правільна казаць — "Республика Беларусь" або "Республика Белоруссия" — і папрасіла растлумачыць калегам у Мінску, што, кажучы "Белоруссия", расіяне не хочуць пакрыўдзіць беларускіх грамадзян. "2 чэрвеня гэтага года я адлятаю да свайго новага працоўнага месца — у сталіцу Рэспублікі Беларусь", — адказаў на пытанне новы пасол.

Член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Дзмітрый Мезенцаў быў прызначаны паслом 30 красавіка ўказам прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Ён змяніў Міхаіла Бабіча, які ўзначальваў дыпмісію ў Мінску каля васьмі месяцаў. Як лічаць эксперты, прычынай звальнення Бабіча сталі напружаныя адносіны з беларускім кіраўніцтвам.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239