Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/31/ru_1006146_879654/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 14:24
31.05.2019 12:15 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: У Беларусі будзе або новая Канстытуцыя, або будуць уносіцца змены ў дзейную

Мінск, 31 мая. Найбліжэйшым часам у Беларусі будзе або новая Канстытуцыя, або будуць уносіцца змены ў дзейную, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 мая на сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі думаюць пра новы этап у сувязі са зменамі, якія "дыктуе само жыццё". "Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта спецыялістаў Канстытуцыйнага суда, каб яны ўнеслі свае прапановы па магчымым удасканаленні нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем", — сказаў ён. 

Лукашэнка падкрэсліў, што ў Канстытуцыйным судзе Беларусі працуюць выключныя прафесіяналы — практыкі, тэарэтыкі. "Адбіраем кожнага чалавека вельмі доўга. Гэта людзі, якія прайшлі жыццё, і ведаюць, чаго патрабуе ад нас сёння народ", — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Ён адзначыў, што для Беларусі ўяўляе цікавасць вопыт замежных краін у сферы канстытуцыйнага права. "Мы высока цэнім вашу гатоўнасць дзяліцца сваім вопытам у сферы канстытуцыйнага правасуддзя. Ён для нас, безумоўна, цікавы", — сказаў Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў удзел у сустрэчы прадстаўнікоў Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія Савета Еўропы. — БелаПАН.), з якой Беларусь выбудоўвае "дастаткова канструктыўнае ўзаемадзеянне". Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь разлічвае на працяг міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай галіне. 

"Хачу вас запэўніць: дэмакратыі і свабоды ў Беларусі ніколькі не менш, чым у нашай роднай, брацкай Расіі, ці на Захадзе, ці далей — у краінах, якія развіваюцца. Ніколькі не менш, — заявіў Лукашэнка. — Але, магчыма, мы больш жорстка патрабуем парадку, таму што мы не такія багатыя, як Расія. Яна можа дапусціць памылку, але велізарныя багацці дапамагаюць гэтую памылку хутка выправіць". 

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не валодае такімі рэсурсамі, таму ў краіне павольна прасоўваюцца рэформы: памылкі могуць дорага каштаваць. "Калі ў нас утвараецца дзесьці дзірка, нам няма чым яе залатаць, — сказаў ён. — Таму мы і так званыя рэформы прасоўваем павольна, крок за крокам. Ідзем як па тонкім лёдзе, як па лязе нажа, каб не спатыкнуцца, не дапусціць памылкі: няма грошай потым на выпраўленне, ды і часу няма. Адстанем — не дагонім. Таму лепш ісці павольна, але ісці не спыняючыся, не паварочваючы назад і не сыходзячы ў бок. Вось наша палітыка, абсалютна жыццёвая". 

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь часта крытыкуюць за недастатковую развітасць дэмакратыі і незахаванне правоў чалавека. "Павінен заявіць вам як былы парламентарый, які мае дачыненне да распрацоўкі Канстытуцыі яшчэ да маёй прэзідэнцкай працы: мы старанна вывучылі канстытуцыі ўсіх краін. І я ў гэтым асабіста браў удзел, — сказаў Лукашэнка. — Супернавацый у нашай Канстытуцыі няма: мы ўзялі нешта прымальнае для нас з нашага мінулага, але зусім няшмат, усё астатняе мы запазычылі. Мы вучыліся не толькі ў сваіх суседзяў, але перш за ўсё ў іх, таму што яны блізкія нам па развіцці, з многімі мы былі ў адной дзяржаве. Але многае і многае мы запазычылі ў апірышчаў дэмакратыі, перш за ўсё Францыі і Злучаных Штатаў Амерыкі". 

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што, развіваючы ў 1990-х гадах Канстытуцыю і іншыя прававыя акты, у Беларусі зыходзілі з існых рэалій. У сувязі з гэтым Лукашэнка адказаў на абвінавачанні ўлады ў аўтарытарызме: "Я ніколі гэтага не адмаўляў: сапраўды, у нас прававая сістэма была выбудаваная менавіта такім чынам і нацэленая на стварэнне і ўмацаванне вертыкалі ўлады, таму што пасля распаду Савецкага Саюза мы засталіся адны, плюс яшчэ з савецкімі рублямі. Нам абяцалі, што з савецкай рублёвай сістэмы мы не выходзім. Потым нас кінулі з гэтымі рублямі, забраўшы ў нас тавары і не аплаціўшы. Беларусі апынуліся вінныя вельмі шмат мільярдаў, але мы іх не атрымалі. Я кажу да таго, што ў нас народу было няма чаго есці: пустыя паліцы ў рэспубліцы, якая заўсёды была развітая ў таварах народнага спажывання і прадуктах харчавання". 

Пытанне ўнясення зменаў у Канстытуцыю Беларусі абмяркоўваецца прыблізна два гады. Пра тое, што канцэпцыя змен у Асноўны закон яшчэ не распрацаваная, Лукашэнка заявіў, выступаючы са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту 19 красавіка. "Мяне ўвесь час у СМІ пытаюцца, асабліва ў інтэрнэце, падштурхоўваюць: ну скажы што-небудзь па Канстытуцыі. Ну што, гаварыць пра варыянты нейкія не варта. Гэта толькі варыянты, мы яшчэ нават не выпрацавалі канцэпцыю змены гэтай Канстытуцыі, яна з'явіцца тады, калі я атрымаю прапановы ад розных слаёў нашага грамадства", — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Пры гэтым ён апісаў сваё бачанне структуры ўлады: "Трэба надзяляць ўладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Каб за эканоміку адказваў урад разам з парламентам. Нацыянальны банк не павінен быць убаку. Кантроль будуць ажыццяўляць структуры па розных напрамках, варыянты ўжо адпрацаваныя. Той жа КДК, іншыя міністэрствы і ведамствы". 

Вярхоўны савет прыняў Канстытуцыю 15 сакавіка 1994 года, была ўведзеная прэзідэнцкая форма праўлення. Летам таго ж года прайшлі першыя ў гісторыі краіны выбары прэзідэнта, перамогу на якіх атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Упершыню змены ў Асноўны закон былі ўнесеныя ў 1995 годзе, яны тычыліся дзяржаўнай сімволікі і зацвердзілі рускую мову ў якасці дзяржаўнай нароўні з беларускай. 

Паводле вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму 24 лістапада 1996 года, які, як і ў першы раз, ініцыяваў Лукашэнка, у Канстытуцыю былі ўнесеныя змяненні і дапаўненні, у адпаведнасці з якімі адлік пяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва Лукашэнкі пачаўся наноў, а Вярхоўны савет быў пераўтвораны ў двухпалатны парламент — Нацыянальны сход. Прэзідэнт атрымаў права прызначаць шэсць суддзяў Канстытуцыйнага суда і членаў ЦВК. 

У Асноўны закон таксама былі ўнесеныя змены, якія тычацца паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда: абмежаванае кола суб'ектаў, якія маюць права ініцыяваць прыняцце судом заключэння. Такім правам валодаюць прэзідэнт, урад, палаты парламента, Вярхоўны суд і Вышэйшы гаспадарчы суд. Пры гэтым Канстытуцыйны суд быў пазбаўлены магчымасці прымаць заключэнні паводле ўласнай ініцыятывы. 

17 кастрычніка 2004 года ў Беларусі прайшоў яшчэ адзін рэферэндум, паводле вынікаў якога з Канстытуцыі было выключанае палажэнне, што абмяжоўвае знаходжанне аднаго чалавека на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239