Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/07/ru_1006846_478569/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 12:16
07.06.2019 09:35 Эканоміка, Фінансы

Золатавалютныя рэзервы Беларусі перавысілі 8 млрд долараў

Мінск, 7 чэрвеня. Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 чэрвеня 2019 года склалі 8 млрд 90 млн долараў, паведамляе Нацыянальны банк. Гэта максімальнае значэнне за апошнія шэсць гадоў (з мая 2013 года).

"За май 2019 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 521,6 млн долараў ЗША (на 6,9%) пасля росту ў красавіку 2019 года на 322,7 млн долараў ЗША (на 4,5%)", — паведамляе Нацыянальны банк.

Згодна са звесткамі рэгулятара, павелічэнню ўзроўню рэзерваў у маі 2019 года спрыялі некалькі фактараў, у тым ліку паступленне сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў і Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце. Акрамя гэтага, росту рэзерваў спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама купля замежнай валюты Нацбанкам на ўнутраным рынку.

"У маі 2019 года ўрадам і Нацыянальным банкам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму прыблізна 140 млн долараў ЗША", — адзначае Нацыянальны банк.

Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год прадугледжваюць, што аб'ём золатавалютных рэзерваў Беларусі, нягледзячы на выплаты па даўгах, павінен скласці да канца года не менш за 7,1 млрд долараў.

Згодна з абноўленымі данымі Міністэрства фінансаў, у 2019 годзе плацяжы Беларусі па абслугоўванні і пагашэнні дзярждоўгу складуць 3,29 млрд долараў. Паводле звестак БелаПАН, у 2019 годзе Нацбанк планаваў выплаціць па сваіх абавязацельствах 1,1 млрд долараў.

У 2020 годзе, як чакае Мінфін, плацяжы па дзярждоўгу могуць скласці 3,63 млрд даляраў, у 2021-м — 3,28 млрд, у 2022-м — 3,46 млрд, а ў 2023-м — 3,83 млрд долараў. Пасля гэтага, паводле афіцыйнага прагнозу ўлад, плацяжы па дзярждоўгу знізяцца да 2,53 млрд долараў у 2024 годзе і 2,35 млрд у 2025-м.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН