Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/07/ru_1006874_887744/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 08:32
07.06.2019 12:37 Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь больш за ўсіх пацярпела ад паставак забруджанай нафты

Мінск, 7 чэрвеня. Кіраўніцтва беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў павінна вырашаць пытанні кампенсацыі страт у выніку паставак забруджанай нафты выключна ў дзелавым ключы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня падчас наведвання ААТ "Нафтан", паведамляе яго прэс-служба.

Ён адзначыў, што забруджаная нафта дайшла да НПЗ у Мазыры, а на "Нафтане" паспелі адрэагаваць, але была значна зніжаная загрузка прадпрыемства. "Ты камерсант, ты кіраўнік прадпрыемства, — звярнуўся Лукашэнка да гендырэктара "Нафтана" Аляксандра Дзямідава. — Для цябе павінен быць максімальны эфект, усё роўна адкуль: ці ў вытворчасці, ці прадаў даражэй — за кошт маркетынгу, ці за кошт кампенсацыі шкоды. Не трэба крычаць, наступаць і іншае, але свае інтарэсы трэба захоўваць. Аднак поўзаць на каленях не трэба. Трэба садзіцца і па-дзелавому вырашаць".

Паводле слоў Лукашэнкі, ён бачыць у СМІ інфармацыю аб тым, што шэраг міжнародных кампаній выстаўляюць Расіі шкоду да 800 млн долараў. "Але мы больш за ўсё пацярпелі, — падкрэсліў ён. — А нам кажуць: ну што там беларусы, яны нічога не страцілі. Як так?! Таму трэба сачыць і глядзець, чаму яны, напрыклад, плацяць 800 мільёнаў долараў шкоды, а мы больш за ўсіх пацярпелі, але — 20 мільёнаў".

Забруджаная хлорарганікай сыравіна пачала паступаць у Беларусь па трубаправодзе ў красавіку. З-за няякаснай расійскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па трубаправодзе "Дружба" быў цалкам спынены. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.

У канцы мая дзяржканцэрн "Белнафтахім" паведаміў, што транспартаванне чыстай нафты ў напрамку Мазырскага НПЗ і ва ўкраінскім напрамку вядзецца ў планавым рэжыме згодна з графікамі перапампоўкі, завод у Мазыры "забяспечвае перапрацоўку нафты, якая адпавядае стандарту па якасці, з планавай вытворчай загрузкай". Што да наваполацкага НПЗ "Нафтан", то ён "працуе на зніжанай загрузцы, перапрацоўваючы нафту, якая паступае па нафтаправодзе Сургут — Полацк", адзначаў канцэрн.

На пачатак чэрвеня на тэрыторыі Беларусі заставалася 1 млн тон забруджанай нафты. Чакаецца, што ўся яна будзе адпампаваная назад у Расію да сярэдзіны жніўня.

У маі Лукашэнка заяўляў, што з-за паставак няякаснай нафты Беларусь страціла "велізарныя грошы" — сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн долараў, а ўрон ад пашкоджанага абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн долараў.

Ацэнкай шкоды ад аварыі на "Дружбе" займаецца рабочая група, створаная Беларуссю і Расіяй.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН