Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/07/ru_1006937_123456/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 13:07
07.06.2019 18:24 Палітыка, Грамадства

Пуцін: Падстаў для дзяржаўнага аб`яднання Расіі і Беларусі сёння няма

Мінск, 7 чэрвеня. Падстаў і планаў для дзяржаўнага аб`яднання Беларусі і Расіі сёння няма, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 7 чэрвеня на пленарнай сесіі Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.

"Паводле майго глыбокага пераканання, мы ўсё ж такі адзіны народ, але так склалася, што мы жывем у розных краінах. Сёння няма ніякіх падстаў для дзяржаўнага аб`яднання, у нас няма такіх планаў, мэтаў няма", — прыводзіць словы Пуціна РБК.

Прэзідэнт Расіі таксама адзначыў, што многае з дагавора аб Саюзнай дзяржаве да гэтага часу не зробленае. Паводле яго слоў, яны абмяркоўвалі з Аляксандрам Лукашэнкам, ці могуць Расія і Беларусь "у новых умовах сённяшняга дня нешта выканаць з таго, што не зробленае", або дадаць новыя актуальныя пытанні.

Такім чынам Пуцін пракаментаваў чуткі аб магчымым аб`яднанні Расіі і Беларусі да даты заканчэння паўнамоцтваў прэзідэнта РФ у 2024 годзе.

Тэму больш цеснай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы ініцыяваў у канцы 2018 года расійскі бок. У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп "для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін".

21 сакавіка агенцтва Bloomberg са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла, што ў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі разглядаюць розныя варыянты, якія дазволяць Пуціну заставацца ва ўладзе як мага даўжэй.

Адзін са сцэнарыяў прадугледжвае "стварэнне новай дзяржавы шляхам аб`яднання з Беларуссю". У гэтым выпадку Пуцін узначаліць новую дзяржаву, што дазволіць яму абысці канстытуцыйныя абмежаванні па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, адзначалася ў артыкуле.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы публікацыю Bloomberg, назваў яе "вольнымі практыкаваннямі, якія не маюць ніякага дачынення да таго, што абмяркоўваецца ў Крамлі".

22 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, што ад расійскага боку атрыманыя дакументы з прапановамі аб далейшай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы.

"Падчас сустрэч нашых кіраўнікоў абмяркоўваліся розныя пытанні, звязаныя з нашымі ўзаемаадносінамі, былі перададзеныя адпаведныя матэрыялы, над гэтымі матэрыяламі беларускі бок цяпер працуе. Там ёсць прапановы адносна далейшага паглыблення інтэграцыі", — сказаў Макей. Ён не стаў раскрываць, якія менавіта прапановы паступілі.

Паводле слоў Макея, пытанне аб тым, што Уладзімір Пуцін пасля 2024 года можа ўзначаліць аб`яднаную дзяржаву Беларусі і Расіі, закраналася на двухбаковых сустрэчах рабочай групы па дагаворы аб Саюзнай дзяржаве, але толькі "часам мімаходзь" і "толькі ў кантэксце тых інсінуацый, якія часам з`яўляюцца ў розных СМІ".

Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў 7 чэрвеня заявіў, што "ў Саюзным дагаворы няма нічога, што магло б падвесці да спекуляцый аб тым, што яго мэта — вывесці кагосьці на "прэзідэнцкі трон".

24 мая ў падмаскоўных Горках адбыліся перамовы прэм`ер-міністраў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса. Перад рабочымі групамі была пастаўленая задача выразна акрэсліць адрозненні ў пазіцыях Беларусі і Расіі па інтэграцыі.

Прэм`ер-міністры таксама дамовіліся правесці наступную сустрэчу ў Мінску падчас II Еўрапейскіх гульняў (21—30 чэрвеня). На гэтых перамовах будзе абмяркоўвацца абноўленая праграма дзеянняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239