Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/11/ru_1007215_123/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 11:48
11.06.2019 12:56 Грамадства

Юрый Караеў прызначаны міністрам унутраных спраў Беларусі

Мінск, 11 чэрвеня. Юрый Караеў прызначаны міністрам унутраных спраў Беларусі. Адпаведнае рашэнне прыняў 11 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Да гэтага Караеў працаваў на пасадзе намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі.

Папярэдні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч займаў гэтую пасаду з 11 мая 2012 года. 10 чэрвеня ён падаў Лукашэнку рапарт аб адстаўцы.

"Сёння я звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з рапартам аб адстаўцы, і ён гэтую адстаўку прыняў. Спадзяюся, я змагу яшчэ прынесці карысць нашай дзяржаве на іншай пасадзе або на іншай працы", — паведаміў Шуневіч журналістам пасля сустрэчы з Лукашэнкам.

Шуневіч таксама зазначыў: "Па-першае, пройдзены вельмі доўгі і складаны шлях працы ў міністэрстве. Шмат што зроблена. І ў нейкі момант я пачаў разумець, што трэба забяспечыць пэўную дынаміку, пераемнасць, хуткасць і эфектыўнасць рашэнняў. Патрэбны свежы погляд на працу міністэрства. Па-другое, думаючы пра сваю эфектыўнасць, лічу, што прыйшоў час змяніць род дзейнасці. Усё-такі дастаткова доўга я знаходжуся на пасадзе міністра. Можа, вока "замылілася", можа быць, мне сапраўды трэба паспрабаваць нешта іншае. Кіраўнік дзяржавы з гэтай матывацыяй пагадзіўся".

Даведка БелаПАН. Юрый Караеў нарадзіўся 21 чэрвеня 1966 года ў горадзе Уладзікаўказ (Паўночная Асеція). У 1987 году скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае Чырванасцяжнае вучылішча ўнутраных войскаў МУС РФ імя Дзяржынскага. Паводле размеркавання трапіў на службу ў Магілёў, праз паўгода быў пераведзены ў мінскі полк аператыўнага прызначэння МУС СССР. Год таму ў інтэрв`ю часопісу "Армия" Караеў расказаў, што ў той перыяд правёў 22 месяцы ў камандзіроўках на Каўказ: у Ерэван, Баку, Степанакерт, Нагорны Карабах, Агдам. 

У 1996 годзе скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзэ ў Маскве, быў слухачом факультэта Генштаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Уладальнік крапавага берэта. Караеў быў камандзірам міліцэйскай брыгады ў Гомелі і міліцэйскага батальёна ў Бабруйску. Быў камандзірам батальёна ў вайсковай часці 3214 у той час, калі часцю камандаваў Дзмітрый Паўлічэнка (унесены ў санкцыйны спіс ЕС паводле падазрэння ў дачыненні да гучных знікненняў апазіцыянераў у 1990-х гадах. — БелаПАН.). 

У 2008 годзе Караеў стаў камандзірам мінскага АМАПа, затым змяніў Паўлічэнку на пасадзе камандзіра 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС. У 2009 годзе прызначаны першым намеснікам начальніка аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ўнутраных войскаў МУС, у 2012 годзе — намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН