Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/12/ru_1007414_547896/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 12:03
12.06.2019 16:15 Грамадства, Эканоміка

Праціўнікі акумулятарнага завода сустрэліся з кіраўніком Брэсцкага аблвыканкама

фота: virtualbrest.by
Брэст, 12 чэрвеня. "Улады пачалі ўспрымаць довады праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам" — такое меркаванне выказаў БелаПАН мясцовы праваабаронца Раман Кісляк паводле вынікаў сустрэчы 12 чэрвеня групы праціўнікаў прадпрыемства са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Анатолем Лісам.

Паводле слоў праваабаронцы, на сустрэчу з кіраўніком вобласці прыйшлі 15 чалавек, у тым ліку лідары грамадскай кампаніі супраць гэтага завода Дзям`ян Лепясевіч і Дзмітрый Бекалюк.

"Падчас сустрэчы, якая доўжылася тры гадзіны, актывісты назвалі шэраг выяўленых імі парушэнняў пры праектаванні і будаўніцтве акумулятарнага завода. Кіраўнік вобласці паабяцаў, што гэтыя факты будуць правераныя на працягу тыдня. Калі парушэнні пацвердзяцца, то завод працаваць не будзе. Можна сказаць, што сёння нас не проста фармальна слухалі, але і ўспрымалі нашы довады", — адзначыў Кісляк.

Ён падкрэсліў, што праціўнікі акумулятарнага завода ўпершыню сустрэліся з кіраўніком вобласці. Раней актывісты больш за год беспаспяхова спрабавалі дамовіцца пра такую сустрэчу.

9 чэрвеня старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук на сустрэчы з праціўнікамі акумулятарнага завода прапанаваў групе актывістаў сустрэцца з Анатолем Лісам, каб абмеркаваць сітуацыю.

Акумулятарны завод ТАА "АйПаўэр" збудаваны на прамысловай пляцоўцы "Аэрапорт" у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.

Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 189 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг "Брастаўчанкі супраць свінцу", на які прыйшлі прыблізна дзве тысячы чалавек.

Праціўнікі завода з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Брэсце.

25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.

З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.

Ларыса Шыганава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН