Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/13/ru_1007492_789654/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 10:19
13.06.2019 13:46 Грамадства

Згодна са звесткамі праваабаронцаў, у Беларусі прыведзены ў выкананне чарговы смяротны прысуд

Мінск, 13 чэрвеня. У Беларусі прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Жыльнікава, паведамляюць праваабаронцы.

Лёс другога фігуранта крымінальнай справы — Вячаслава Сухаркі — пакуль невядомы. "Але, як паказвае практыка, прысуды адначасова прыводзяцца ў выкананне ў адносінах да ўсіх асуджаных да вышэйшай меры па адной справе", — адзначае праваабарончы сайт spring96.org.

Жыльнікаў і Сухарка з'яўляліся абвінавачанымі па справе аб забойстве трох чалавек у Мінску і Калодзішчах. Яшчэ адной абвінавачанай па гэтай справе была выхавальніца дзіцячага сада былая актывістка БРСМ Аліна Шульганава.

Галоўны эпізод справы — забойства мужчыны і жанчыны ў кватэры на вуліцы Алібегава ў Мінску 16 снежня 2015 года. Згодна са звесткамі следства, Шульганава не магла змірыцца з тым, што яе былы сужыцель падтрымлівае блізкія адносіны з другой дзяўчынай, і "замовіла" Жыльнікаву і Сухарку збіванне суперніцы. Выканаўцы, п'яныя, здзейснілі разбойны напад на кватэру, дзе жылі маладыя людзі, і забілі іх абодвух — нанеслі больш за 140 удараў нажом. Пасля гэтага забралі грошы, асабістыя рэчы забітых і зніклі.

Падчас расследавання двайнога забойства было ўстаноўлена, што 15 снежня таго ж года абвінавачаныя здзейснілі разбойны напад ў Калодзішчах, каб завалодаць 10 тысячамі долараў. Падчас нападу быў забіты 59-гадовы мужчына, у якога Сухарка раней здымаў пакой.

Першы прысуд быў вынесены Мінгарсудом 6 сакавіка 2017 года — пажыццёвае зняволенне для Сухаркі і Жыльнікава і 12 гадоў пазбаўлення волі для Шульганавай. З прысудам не пагадзіліся ўсе бакі працэсу, справа была накіраваная на паўторны разгляд. 20 студзеня 2018 года калегія па крымінальных справах Мінгарсуда пасля паўторнага разгляду справы прыгаварыла Жыльнікава і Сухарку да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці, Шульганаву — да 12 гадоў пазбаўлення волі без канфіскацыі маёмасці.

У далейшым Вярхоўны суд пакінуў прысуды без змены.

30 мая адвакат наведала Жыльнікава, яны складалі скаргу ў Генеральную пракуратуру на разгляд справы з прычыны новых абставінаў, паведамляе праваабарончы сайт. 13 чэрвеня адвакат прыйшла ў СІЗА № 1, каб працягнуць працу па скарзе, аднак там ёй паведамілі, што Жыльнікаў "выбыў паводле прысуду". Адвакат удакладніла, ці азначае гэта, што ён расстраляны, на што атрымала станоўчы адказ.

Афіцыйнае паведамленне пра выкананне прысуду будзе накіраванае сваякам з Мінскага гарадскога суда паводле працэдуры.

У Камітэце ААН па правах чалавека (КПЧ) на разглядзе знаходзіцца індывідуальны зварот Жыльнікава, які быў зарэгістраваны 24 снежня 2018 года. КПЧ звяртаўся да ўладаў Беларусі з просьбай аб прыняцці часовых мер і не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту асуджанага.

"Мяне вельмі абурае такі падыход, — заявіў каардынатар ініцыятывы "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда. — З аднаго боку, Беларусь хоча быць бліжэй да Еўропы, называецца еўрапейскай краінай, праводзіць II Еўрапейскія гульні, а з другога боку — не падзяляе каштоўнасці правоў чалавека і застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе расстрэльваюць людзей".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239