Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/14/ru_1007604_1234/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 09:05
14.06.2019 11:20 Грамадства

У Брэсце прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода

virtualbrest.by
Мінск, 14 чэрвеня. У Брэсце прыпыненае будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА "АйПаўэр", супраць якога пратэставалі мясцовыя жыхары. Адпаведнае распараджэнне № 60-Р апублікаванае на сайце Брэсцкага аблвыканкама за подпісам кіраўніка вобласці Анатоля Ліса.

"Прыпыніць будаўніцтва аб`екта "Акумулятарны завод ТАА "АйПаўэр" з уласнай кацельняй на прыродным газе па адрасе: Брэсцкі раён, СЭЗ "Брэст", раён "Аэрапорта", 1 пускавы комплекс" да ліквідацыі выяўленых парушэнняў", — гаворыцца ў пастанове.

Акумулятарны завод ТАА "АйПаўэр" збудаваны на прамысловай пляцоўцы "Аэрапорт" у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Праціўнікі завода выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 189 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг "Брастаўчанкі супраць свінцу", на які прыйшлі прыблізна дзве тысячы чалавек.

Праціўнікі завода з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Брэсце. 25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.

З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.

12 чэрвеня з актывістамі сустрэўся старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. Гэта была першая сустрэча кіраўніка вобласці з праціўнікамі будаўніцтва завода, яны дамагаліся яе больш за год. "Падчас сустрэчы, якая працягвалася тры гадзіны, актывісты агучылі шэраг выяўленых імі парушэнняў пры праектаванні і будаўніцтве акумулятарнага завода, — расказаў БелаПАН мясцовы праваабаронца Раман Кісляк. — Кіраўнік вобласці паабяцаў, што гэтыя факты будуць правераныя на працягу тыдня. Калі парушэнні пацвердзяцца, то завод працаваць не будзе. Можна сказаць, што сёння нас не проста фармальна слухалі, але і ўспрымалі нашы довады".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239