Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/16/ru_1007774_587496/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 19:53
16.06.2019 11:54 Палітыка, Эканоміка

Кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ: Падыходы Расіі і Беларусі ў пытаннях інтэграцыі зблізіліся на 90%

Мінск, 16 чэрвеня. Падыходы Расіі і Беларусі ў пытаннях інтэграцыі зблізіліся на 90%, заявіў 15 чэрвеня міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін журналістам у Маскве паводле вынікаў сустрэчы з беларускім міністрам эканомікі Дзмітрыем Крутым.

Арэшкін узначальвае расійскую частку рабочай групы Расіі і Беларусі па ўрэгуляванні праблемных пытанняў і развіцці інтэграцыі. Як паведамляюць "Вести", пасяджэнне групы 15 чэрвеня ў Маскве доўжылася прыблізна чатыры гадзіны. З беларускага боку групу ўзначальвае міністр эканомікі Дзмітрый Крутой. На наступным тыдні, 21 чэрвеня, абмеркаванне атрымае працяг ў Мінску на ўзроўні прэм'ераў дзвюх дзяржаў.

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас падчас візіту ў Расію ў маі сказаў, што пазіцыі Масквы і Мінска па ўзаемадзеянні ў межах Саюзнай дзяржавы сыходзяцца на 70%.

"Я думаю, што цяпер ужо можна сказаць, што ў нас 90% дакумента ўзгоднена", — паведаміў Арэшкін журналістам паводле вынікаў учарашняй сустрэчы.

Згодна са словамі кіраўніка Мінэканамразвіцця, патрэбная больш дэталёвая прапрацоўка праграмы паглыблення інтэграцыі, але Расія і Беларусь паступова рухаюцца да 100%. На думку Арэшкіна, размова паміж прэм'ерамі на наступным тыдні "зробіць сур'ёзны крок наперад".

Абмеркаванне ідзе строга ў межах саюзнай дамовы, падпісанай у 1999 годзе, дадаў міністр. На пытанне пра адзіную валюту Арэшкін адказаў, што гэта не ключавы элемент абмеркаванняў. Значна больш вострымі пытаннямі ён назваў працу ў энергетычнай сферы, у рэгуляванні галін, мытны блок.

Кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ дадаў, што на наступным тыдні паляціць у Мінск крыху раней за прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, каб перад сустрэчай прэм'ераў правесці перамовы з беларускімі калегамі.

У канцы 2018 года расійскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп "для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін".

24 мая ў падмаскоўных Горках адбыліся перамовы прэм'ер-міністраў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса. Перад рабочымі групамі была пастаўленая задача дакладна акрэсліць адрозненні ў пазіцыях Беларусі і Расіі па інтэграцыі.

Кіраўнікі ўрадаў дамовіліся правесці наступную сустрэчу ў Мінску падчас II Еўрапейскіх гульняў (21—30 чэрвеня). Яны абмяркуюць абноўленую праграму дзеянняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239