Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/20/ru_1008254_458712/
Дата раздрукоўкі: 16.07.2019 00:04
20.06.2019 16:03 Палітыка, Грамадства

Пуцін: На сёння не стаіць пытанне пра аб'яднанне з Беларуссю ў адну дзяржаву

Мінск, 20 чэрвеня. Перад Расіяй і Беларуссю зараз не стаіць пытанне пра аб'яднанне ў адну дзяржаву, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 20 чэрвеня падчас прамой лініі, якую транслюе тэлеканал "Россия 1".

"У нас на сённяшні дзень не стаіць пытанне аб аб'яднанні ў адну дзяржаву, — падкрэсліў ён. — Размова ідзе аб рэалізацыі дагавора, які быў падпісаны ўжо шмат гадоў таму, аб стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы. Гэта не адзіная дзяржава, гэта не адно і тое ж. Але там, праўда, шмат элементаў — аж да стварэння саюзнага парламента, увядзення агульнай адзінай валюты і гэтак далей. Нешта не было зробленае з боку Расіі — Расія затармазіла, нешта не было зробленае з боку Беларусі".

"Вось мы цяпер дамовіліся з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам пра тое, што мы вернемся да гэтай дамовы і разам паглядзім, што ж трэба рэалізаваць з таго, што не было зробленае, у што трэба ўнесці адпаведныя карэктывы. Вось зараз экспертныя групы сфармаваныя на ўзроўні кіраўнікоў урада, намеснікаў кіраўнікоў урада. Цяпер гэтым актыўна займаюцца", — дадаў Пуцін.

Паводле яго слоў, у галіне інтэграцыі дзвюх краін ужо нямала зробленае, "у тым ліку ў сацыяльнай сферы, з пункта гледжання свабоднага перамяшчэння тавараў і паслуг, людзей, з пункта гледжання сацыяльных гарантый з абодвух бакоў". "Насамрэч зроблена нямала, але, на мой погляд, відавочна недастаткова. Можам і павінны зрабіць значна больш", — сказаў прэзідэнт Расіі.

У канцы 2018 года расійскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп "для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін".

24 мая ў падмаскоўных Горках адбыліся перамовы прэм'ер-міністраў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса. Перад рабочымі групамі была пастаўленая задача дакладна акрэсліць адрозненні ў пазіцыях Беларусі і Расіі па інтэграцыі.

Пуцін і Лукашэнка 14 чэрвеня ў Бішкеку, падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дамовіліся найбліжэйшым часам правесці двухбаковыя перамовы.

15 чэрвеня міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Арэшкін паводле вынікаў сустрэчы з міністрам эканомікі Беларусі Дзмітрыем Крутым ў Маскве паведаміў, што бакі ўзгаднілі прыкладна 90% праграмы па паглыбленай інтэграцыі дзвюх краін. Далейшае абмеркаванне пытання атрымае працяг на ўзроўні прэм'ер-міністраў, чыя сустрэча запланаваная 21 чэрвеня ў Мінску.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка паведаміў журналістам 17 чэрвеня ў Мінску, што ўрадам Беларусі і Расіі даручана падаць прапрацаваныя прапановы аб інтэграцыі да 25 чэрвеня.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН