Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/21/ru_1008444_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 14:21
21.06.2019 20:05 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка разлічвае сустрэцца з Пуціным на закрыцці Еўрагульняў у Мінску

Мінск, 21 чэрвеня. Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым расказаў аб графіку кантактаў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным для абмеркавання пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

"Я вітаю вас у Беларусі і ўдзячны за тое, што вы прыехалі да нас на адкрыццё важнай падзеі (II Еўрапейскія гульні. — Заўв.). І не толькі. Але і, як дамаўляліся мы з прэзідэнтам Расіі, што вы паглядзіце на тую працу нашай сумеснай групы, якая працуе над праблемнымі пытаннямі нашых узаемаадносін, і дасце сваё рэзюмэ перад тым, як мы сустрэнемся з Уладзімірам Уладзіміравічам", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён адзначыў, што прэзідэнт Расіі планаваў прыехаць на закрыццё II Еўрапейскіх гульняў. "І мы сустрэнемся і пагаворым на гэтую тэму і розныя іншыя. І ўжо калі ў нас будзе форум рэгіёнаў на радзіме ў вас (у сярэдзіне ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. — Заўв.), мы з ім паедзем на Валаам маліцца. І там дадаткова абмяркуем. Вось такі прыкладна быў план. Гэта накіды толькі. Усё будзе залежаць ад таго, як будуць складвацца графікі прэзідэнтаў, перш за ўсё прэзідэнта Расіі, таму што ў яго і "дваццатка" там...", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прыезд Дзмітрыя Мядзведзева вельмі важны ў першую чаргу з пункта гледжання абмеркавання пытанняў беларуска-расійскіх адносін. "Я з задавальненнем гатовы абмеркаваць з вамі некаторыя пытанні, якія вы палічыце патрэбным для абмеркавання менавіта цяпер, — сказаў Лукашэнка. — Вы наш госць, блізкі, родны госць. Як Пуцін кажа, мы — адзін народ. Таму мы рады вас бачыць тут".

Мядзведзеў у сваю чаргу заявіў, што для прэзідэнтаў Беларусі і Расіі засталіся самыя складаныя пытанні інтэграцыйнага парадку дня, астатнія ўжо ўзгодненыя. "Што да асноўнай тэмы майго прыезду, вы абсалютна правільна сказалі: мы зараз знаходзімся на вельмі важным перагаворным трэку, абмяркоўваем праграму дзеянняў па выкананні нашай саюзнай дамовы, праграму інтэграцыі", — сказаў ён.

Апошні раз прэзідэнты Беларусі і Расіі сустракаліся 14 чэрвеня пасля завяршэння афіцыйнай часткі саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку (Кыргызстан). Бакі коратка абмеркавалі "наяўныя пытанні ўзаемадзеяння". "Былі таксама пацверджаныя раней дасягнутыя дамоўленасці аб сустрэчы для абмеркавання пытанняў далейшай інтэграцыі". Лукашэнка запрасіў Пуціна наведаць II Еўрапейскія гульні ў Мінску (21—30 чэрвеня).

20 чэрвеня падчас прамой лініі Пуцін заявіў, што перад Расіяй і Беларуссю зараз не стаіць пытанне пра аб`яднанне ў адну дзяржаву. "Гаворка ідзе аб рэалізацыі дагавора, які быў падпісаны ўжо шмат гадоў таму, аб стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы. Гэта не адзіная дзяржава, гэта не адно і тое ж, — падкрэсліў ён. — Але там, праўда, шмат элементаў — аж да стварэння саюзнага парламента, увядзення агульнай адзінай валюты і гэтак далей. Штосьці не было зробленае з боку Расіі — Расія затармазіла, штосьці не было зроблена з боку Беларусі".

"Вось мы цяпер дамовіліся з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам пра тое, што мы вернемся да гэтага дагавора і разам паглядзім, што ж трэба рэалізаваць з таго, што не было зробленае, у што трэба ўнесці адпаведныя карэктывы. Вось зараз экспертныя групы сфармаваныя на ўзроўні кіраўнікоў урада, намеснікаў кіраўнікоў урада. Цяпер гэтым актыўна займаюцца", — дадаў Пуцін.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239