Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/24/ru_1008538_456321/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 19:26
24.06.2019 09:07 Палітыка, Грамадства

На сесіі СПЧ ААН заслухаюць справаздачу па Беларусі

Мінск, 24 чэрвеня. 41-я сесія Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН будзе працаваць у Жэневе з 24 чэрвеня па 12 ліпеня. Падчас яе плануецца заслухаць справаздачу спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.

Даклад, тэкст якога апублікаваны на сайце СПЧ, ахоплівае перыяд з 1 мая 2018-га па 31 сакавіка 2019 года. У ім гаворыцца, што за мінулы год у Беларусі не адбылося істотнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, аднак былі некаторыя пазітыўныя змены.

Адзначаецца, што ўрад Беларусі па-ранейшаму не прызнае мандат спецдакладчыка ААН, і гэта абмежавала магчымасці Анаіс Марын канструктыўна ўзаемадзейнічаць з уладамі. Яна заклікае Мінск перагледзець пазіцыю ў дачыненні да мандата спецдакладчыка.

"На падставе сабранай інфармацыі спецыяльны дакладчык не можа засведчыць важных паляпшэнняў у сферы выканання правоў чалавека ў Беларусі, — гаворыцца ў дакладзе. — Напрыклад, працягваецца прымяненне смяротнага пакарання, няма прагрэсу ў папярэджанні катаванняў і жорсткага абыходжання, хоць у папярэднія гады было зробленае шмат рэкамендацый (па паляпшэнні сітуацыі па гэтых пытаннях. — БелаПАН.)".

У якасці пазітыўных змен Марын адзначае дэкрыміналізацыю артыкула 193.1 КК (дзейнасць незарэгістраваных арганізацый) і ўнясенне ў закон аб масавых мерапрыемствах паправак, якія ўвялі паведамляльны (разам з заяўным) прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў.

Пры гэтым спецдакладчык падкрэслівае, што гэтыя змены толькі часткова ўлічваюць рэкамендацыі праваабаронцаў. Так, адказнасць за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі пераведзеная з крымінальнай у адміністрацыйную плоскасць, а працэдура інфармавання магчымая толькі для тых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. "Гэта невялікія крокі, якія хоць і ідуць у правільным кірунку, але яшчэ не сведчаць пра рэальныя змены ў палітыцы ўладаў", — гаворыцца ў дакуменце.

Марын таксама адзначае, што ў справаздачны перыяд былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія ўводзяць дадатковыя абмежаванні для дзейнасці анлайн-СМІ. Акрамя таго, зафіксаваныя факты затрымання праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў, адмовы ў правядзенні мірных сходаў, умяшання ў працу журналістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці. "Хоць колькасць такіх выпадкаў скарацілася ў параўнанні з папярэднім годам, але працяг прымянення такіх практык сведчыць аб адсутнасці фундаментальных зменаў. Улічваючы захаванне абмежавальнага заканадаўства і практыку яго прымянення, лёгка можа адбыцца вяртанне да масавых рэпрэсіяў", — гаворыцца ў справаздачы.

Зніжэнне колькасці затрыманняў і арыштаў спецдакладчык звязвае з тым, што ў справаздачны перыяд у Беларусі не адбывалася буйных палітычных ці грамадскіх мерапрыемстваў. Пры гэтым удзельнікаў любых несанкцыянаваных акцый караюць штрафамі альбо арыштамі, адзначае Марын.

У якасці прыкладаў у дакладзе згаданыя затрыманні і штрафы ўдзельнікаў акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам і некалькі выпадкаў затрымання людзей за фатаграфаванне каля статуі гарадавога блізу будынка МУС у Мінску.

Акрамя таго, гаворыцца ў дакуменце, у справаздачны перыяд аднавіўся націск на незалежных журналістаў і СМІ. Так, у чэрвені 2018 года была распачатая крымінальная справа ў дачыненні да заснавальніка і дырэктара БелаПАН Алеся Ліпая, якую закрылі пасля яго смерці ў жніўні.

Спецдакладчык згадвае рэзанансную "справу БелТА", у межах якой паводле падазрэння ў несанкцыянаваным доступе да падпіскі дзяржаўнага агенцтва БелТА затрымлівалі рэдактараў і карэспандэнтаў партала tut.by, БелаПАН і шэрагу іншых СМІ. Абвінавачанні былі выстаўленыя 15 журналістам. Жорсткія дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў па гэтай справе былі расцэненыя як непрапарцыйныя, што выклікала абурэнне і мабілізацыю міжнароднай супольнасці ў знак салідарнасці з журналістамі, гаворыцца ў справаздачы. Спецдакладчык лічыць, што дзеянні ўладаў з'яўляюцца сродкам запалохвання незалежных СМІ і падбухторвання іх да самацэнзуры напярэдадні наступнай выбарчай кампаніі.

У дакладзе таксама адзначаецца, што ўлады працягвалі штрафаваць журналістаў-фрылансараў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. У 2018 годзе было накладзена 118 штрафаў прыкладна на 48 тысяч долараў.

У Беларусі існуе "жорсткі і карны падыход" да маргінальных груп — напрыклад нарказалежных або беспрацоўных, гаворыцца ў дакуменце. "Асобы, у тым ліку падлеткі, затрыманыя за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, прыгаворваюцца да непамерна доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі. У бацькоў, якія з'яўляюцца беспрацоўнымі, пакутуюць ад наркаманіі або здзейснілі нязначныя адміністрацыйныя правапарушэнні, сацыяльныя службы могуць забраць дзяцей. Беспрацоўныя вымушаныя аплачваць камунальныя паслугі па павышаных цэнах. Такі падыход робіць негатыўны ўплыў на і без таго слабыя і ўразлівыя групы", — мяркуе спецдакладчык.

Анаіс Марын заўважае, што некаторыя групы (цыганы, прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, ВІЧ-інфікаваныя) працягваюць зведваць у Беларусі дыскрымінацыю.

Перыяды сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, гаворыцца ў дакладзе, у Беларусі маюць цыклічны характар і супадаюць з буйнымі палітычнымі падзеямі, таму існуе рызыка павелічэння выпадкаў парушэння правоў чалавека ў краіне ў сувязі з парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі.

На думку спецдакладчыка, СПЧ павінен працягнуць маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Даклад змяшчае рэкамендацыі беларускім уладам па паляпшэнні сітуацыі.

Плануецца, што даклад па Беларусі будзе заслуханы СПЧ ААН 1 ліпеня.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239