Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/24/ru_1008588_1008589/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2019 23:03
24.06.2019 16:20 Эканоміка, Фінансы

"Белнафтахім": З-за "бруднай" нафты НПЗ апынуліся ў вельмі складаным фінансавым становішчы

Мінск, 24 чэрвеня. Фінансавае становішча беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў аказалася "вельмі складаным" з-за паступлення з Расіі ў другім квартале няякаснай нафты, заявіла намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Святлана Гурына.

"У другім квартале 2019 года ў арганізацый галіны паўстала вельмі складаная фінансавая сітуацыя ў сувязі з пастаўкай у Рэспубліку Беларусь няякаснай расійскай нафты. Асобным арганізацыям прыйшлося перагледзець вытворчыя планы і знізіць загрузку, прыцягнуць дадатковыя крэдытныя рэсурсы, часткова прыпыніць сацыяльныя праграмы", — сказала Гурына ў інтэрв'ю "Вестнику Белнефтехима".

Паводле яе слоў, з улікам высокага ўзроўню крэдытнай нагрузкі і абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі, неабходнасці працягваць фінансаванне інвестыцыйных праектаў арганізацыям важна не дапусціць неплацяжоў.

"Для гэтага ажыццяўляецца скаардынаваная праца канцэрна і арганізацый па фарміраванні балансаў руху грашовых сродкаў, усе праблемныя пытанні штодэкадна, а з асобнымі арганізацыямі амаль штодня абмяркоўваюцца з мэтай прыняцця мер па папярэджанні зрыву плацяжоў", — паведаміла прадстаўнік канцэрна.

Для ліквідацыі негатыўных наступстваў "задзейнічаны ўсе галіновыя рэзервы, прыцягнута дадатковае фінансаванне банкаў".

"Пытанне аб кампенсацыі гэтых дадатковых фінансавых выдаткаў арганізацыям канцэрна трэба будзе вырашаць сумесна з расійскімі партнёрамі", — адзначыла Гурына.

Яна таксама паведаміла, што дадатковыя выдаткі беларускіх НПЗ сёлета ўзніклі ў сувязі з рэалізацыяй у Расіі падатковага манеўру, які прывёў да падаражання сыравіны. За пяць месяцаў страты ад падатковага манеўру для эканомікі склалі каля 130 млн долараў.

Паводле звестак канцэрна, у 2024 годзе, пасля завяршэння ў Расіі падатковага манеўру, беларускія НПЗ будуць закупляць нафту па сусветных цэнах.

"Да гэтага моманту беларускія НПЗ нічым не будуць адрознівацца ад іншых кантынентальных НПЗ як па тэхнічнай аснашчанасці, так і па цане на нафту, значыць, яны павінны будаваць сваю працу на агульнасусветных падыходах", — падкрэсліла Гурына.

У сувязі з гэтым яна адзначыла, што НПЗ у свеце ў першую чаргу арыентаваны на забеспячэнне ўнутранага рынку і найбліжэйшых рэгіёнаў у радыусе да 500 км, што "дазваляе аптымізаваць лагістычныя выдаткі і атрымаць найбольшую маржынальнасць экспартных паставак".

Прадстаўнік канцэрна таксама паведаміла, што для эфектыўнай працы НПЗ цэны на паліва на ўнутраным рынку прыйдзецца павышаць. "Да 2024 года ва ўмовах куплі НПЗ нафты па сусветнай цане цэны на беларускіх АЗС запатрабуюць карэкцыі ў бок павелічэння ў залежнасці ад росту кошту нафты", — сказала Гурына.

Канцэрн "Белнафтахім" рэгулюе ў Беларусі кошт маторнага паліва на ўнутраным рынку, устанаўліваючы гранічныя максімальныя цэны на нафтапрадукты.

З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ "Белнафтахім" другі год пастаянна падымае цану на аўтамабільнае паліва. У 2018 годзе большасць відаў паліва ў Беларусі даражэла 27 разоў. Сёлета паліва даражэла 15 разоў, апошні раз — 2 чэрвеня. Затым цэны крыху знізіліся.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН