Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/26/ru_1008817_458796/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:26
26.06.2019 12:44 Фінансы, Грамадства

На падрыхтоўку II Еўрапейскіх гульняў зрасходавана 540 млн рублёў (дапоўнена)

Мінск, 26 чэрвеня. На падрыхтоўку II Еўрапейскіх гульняў у 2017—2019 гадах было зрасходавана 540 млн рублёў (прыблізна 270 млн долараў па наяўным курсе. — БелаПАН.), паведаміў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч 26 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў.

Выступаючы з дакладам, прысвечаным выкананню бюджэту ў 2018 годзе, ён падрабязна пракаментаваў расходы, звязаныя з правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў.

"У 2018 годзе расходы на падрыхтоўку і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў склалі 111 мільёнаў рублёў. Сёння вакол расходаў на правядзенне гульняў разгарэлася актыўная дыскусія, таму спынюся больш падрабязна на гэтай тэме. Усяго за 2017—2019 гады было зрасходавана на правядзенне гульняў 540 мільёнаў рублёў", — сказаў кіраўнік Мінфіна.

Ён звярнуў увагу на тое, што бюджэтныя расходы з гэтай сумы склалі толькі 266 млн рублёў, астатнія 274 млн — гэта спонсарская дапамога, сродкі ад рэалізацыі білетаў, а таксама прыцягненне крэдытаў камерцыйнымі арганізацыямі і Банкам развіцця. "У бюджэтных расходах два складнікі: першы — арганізацыйны складнік, другі — інвестыцыйныя расходы", — адзначыў Ермаловіч.

Паводле яго слоў, да такіх расходаў дзяржава падышла "аптымальна і рацыянальна". "Інвестыцыйныя расходы склалі 380 мільёнаў рублёў, або 70% ад агульнага аб'ёму фінансавання. Пры гэтым крыніцы гэтых расходаў зусім розныя, у тым ліку бюджэтныя расходы", — сказаў міністр.

За кошт бюджэтных сродкаў праведзеная мадэрнізацыі і перааснашчэнне 12 найбуйнейшых спартыўных аб'ектаў. "Акрамя гэтага, набытае сучаснае спартыўнае, медыцынскае і тэлевізійнае абсталяванне для аб'ектаў бюджэтнай сферы. І гэтыя інфраструктурныя аб'екты будуць выкарыстоўвацца і далей для прасоўвання здаровага спосабу жыцця. Гэтыя расходы інфраструктурнага характару, і яны будуць прыносіць карысць краіне і пасля завяршэння гульняў", — падкрэсліў Ермаловіч.

На пытанне дэпутата Ганны Канапацкай аб прыбытковасці Еўрапейскіх гульняў кіраўнік Мінфіна адказаў, што пакуль рана казаць пра тое, колькі зарабіў горад. Паводле яго слоў, правядзенне гульняў будзе мець станоўчы эфект як для Мінска, так і для краіны ў цэлым. "Паводле вынікаў II Еўрапейскіх гульняў мы зможам ацаніць, наколькі павялічыўся гандаль, наколькі вырасла выкарыстанне паслуг, турыстычныя даходы. Калі з'явіцца статыстыка, мы зможам дакладна ацаніць эфект для горада ад гульняў", — сказаў Ермаловіч. 

Другі эфект — іміджавы. "Для мяне ён больш важны", — заявіў міністр. Паводле слоў Ермаловіча, іміджавы эфект ад правядзення II Еўрапейскіх гульняў "мае значны ўплыў на эканамічныя паказчыкі краіны" — гульні "адкрылі краіну для замежных інвестараў". "Гэта складана ацаніць у грошах, але гэта значна пашырае інвестыцыйную прывабнасць краіны. Ні адзін інвестыцыйны форум не дае такога эфекту", — падкрэсліў міністр фінансаў. 

Два з паловай года таму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што правядзенне Еўрапейскіх гульняў будзе каштаваць прыкладна 50 млн долараў. У лістападзе 2016 года падчас рабочай паездкі ў Магілёў ён адзначыў, што перад тым як прапанаваць кандыдатуру Беларусі для правядзення гэтых спаборніцтваў, урад падлічыў, колькі гэта будзе каштаваць. "Мы палічылі, што нават у плюсе будзем. Нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад 50 мільёнаў долараў за гэтыя гады — гэта слёзы для краіны. А магчыма, і гэтага не запатрабуецца — еўрапейцы сказалі, што дапамогуць", — дадаў Лукашэнка.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН