Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/26/ru_1008834_123654/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 09:22
26.06.2019 14:25 Грамадства

Памёр заснавальнік і галоўны рэдактар недзяржаўнай "Газеты Слонімскай"

Мінск, 26 чэрвеня. 26 чэрвеня на 62-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр заснавальнік і галоўны рэдактар недзяржаўнай "Газеты Слонімскай", адзін з лідараў рэгіянальнага грамадска-палітычнага друку Віктар Валадашчук, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

"Віктар Валадашчук шмат гадоў кіраваў недзяржаўным выданнем і быў паплечнікам усіх незалежных журналістаў у Беларусі", — адзначае БАЖ.

Пра месца і час пахавання паведамяць дадаткова.

"Газета Слонімская" — беларускае штотыднёвае грамадска-палітычнае выданне, выпускаецца ў Слоніме (Гродзенская вобласць). Упершыню выйшла ў 1938 годзе, адроджаная ў красавіку 1997 года, распаўсюджваецца праз уласную сістэму распаўсюду ў Слоніме і Слонімскім раёне, а таксама ў суседніх раёнах Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы Беларусі.

Сёння выданне выходзіць на 24 старонках разам з рэкламнай газетай "Отдушина" накладам больш за 3.000 асобнікаў. Друкуецца ў колеры і чорна-белым фармаце А3. Шырока і ўсебакова асвятляе палітычныя, грамадскія і культурныя падзеі, надае вялікую ўвагу гісторыі роднага краю, спартыўнаму, рэлігійнаму і літаратурнаму жыццю. Акрамя папяровай мае электронную версію.

У 2008 годзе газета была прызнаная лаўрэатам міжнароднай прэміі фонду газеты "Цайт" (ФРГ) "Маладая прэса Усходняй Еўропы", а таксама ўзнагароджаная граматай БАЖ "За адданасць прафесіі".

З 2017 года "Газета Слонімская" зноў стала прадавацца ў шапіках "Белсаюздруку", на яе адноўленая паштовая падпіска.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН