Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/27/ru_1008978_1008979/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2019 23:04
27.06.2019 16:55 Палітыка

У Мінску павінна адбыцца перадача чатырох украінскіх ваенных, якія знаходзяцца ў палоне на Данбасе

Мінск, 27 чэрвеня. Старшыня палітсавета ўкраінскай партыі "Апазіцыйная платформа — За жыццё" Віктар Медзвядчук дамовіўся з прадстаўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Дзянісам Пушыліным і Леанідам Пасечнікам аб вызваленні чатырох украінскіх ваенных. Пра гэта паведамляе сайт грамадскага руху "Украінскі выбар — права народа", які ўзначальвае Медзвядчук.

Паведамляецца, у прыватнасці, што 28 чэрвеня Дзмітрый Вялікі, Якаў Верамейчык, Эдуард Міхееў і Максім Гараінаў будуць перададзеныя ўкраінскаму боку.

Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, перадача ваенных адбудзецца ў Мінску. У МЗС Украіны, СБУ і пасольстве Украіны ў Беларусі гэтыя звесткі не каментуюць.

Як паведамляе УНІАН са спасылкай на Медзведчука, перамовы аб перадачы ўкраінскіх ваенных адбыліся 27 чэрвеня ў Мінску. Паводле слоў Медзведчука, яшчэ 7 чэрвеня на сустрэчы з Пушыліным у Санкт-Пецярбургу ён узняў пытанне аб вызваленні асобных грамадзян Украіны, якія ўтрымліваюцца ў Данецку і Луганску. Медзвядчук абвінаваціў папярэднюю ўладу ў зрыве абмену па формуле "ўсіх устаноўленых на ўсіх устаноўленых" асоб, які павінен быў адбыцца ў студзені-лютым 2018 года. Ён лічыць, што такая формула ўсё яшчэ "з`яўляецца прымальнай і можа быць рэалізаваная".

Медзвядчук таксама расказаў, што на сённяшняй сустрэчы з Пушыліным і Пасечнікам абмяркоўвалася выкананне Мінскіх пагадненняў. "Мы падрабязна спыніліся на пытанні, звязаным з тым, што асновай і падмуркам Мінскіх пагадненняў з`яўляюцца тыя законы, якія павінна прыняць Вярхоўная Рада Украіны, — сказаў Медзвядчук. — Гэта пытанні, звязаныя з прыняццем закона аб выбарах, прыняццем закона аб амністыі, прыняццем закона і ўвядзенні яго ў дзеянне аб асаблівым статусе, а таксама фіксаванне ў Канстытуцыі Украіны асаблівага статусу гэтых тэрыторый".

Гэтая пазіцыя супярэчыць афіцыйнай пазіцыі ўладаў Украіны, адзначае УНІАН.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН