У Мінску павінна адбыцца перадача чатырох украінскіх ваенных, якія знаходзяцца ў палоне на Данбасе (абноўлена)

Паведамляецца, у прыватнасці, што 28 чэрвеня Дзмітрый Вялікі, Якаў Верамейчык, Эдуард Міхееў і Максім Гараінаў будуць перададзеныя ўкраінскаму боку.
Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, перадача ваенных адбудзецца ў Мінску. У МЗС Украіны, СБУ і пасольстве Украіны ў Беларусі гэтыя звесткі не каментуюць.
Перамовы аб перадачы ўкраінскіх ваенных адбыліся 27 чэрвеня ў Мінску. На брыфінг па выніках перамоў былі запрошаныя толькі расійскія і ўкраінскія СМІ.
Як паведамляе УНІАН, Медзвядчук расказаў журналістам, што яшчэ 7 чэрвеня на сустрэчы з Пушыліным у Санкт-Пецярбургу ён узняў пытанне аб вызваленні асобных грамадзян Украіны, якія ўтрымліваюцца ў Данецку і Луганску. Медзвядчук абвінаваціў папярэднюю ўладу ў зрыве абмену па формуле "ўсіх устаноўленых на ўсіх устаноўленых" асоб, які павінен быў адбыцца ў студзені-лютым 2018 года. Ён лічыць, што такая формула ўсё яшчэ "з`яўляецца прымальнай і можа быць рэалізаваная".
Медзвядчук таксама расказаў, што на сённяшняй сустрэчы з Пушыліным і Пасечнікам абмяркоўвалася выкананне Мінскіх пагадненняў. "Мы падрабязна спыніліся на пытанні, звязаным з тым, што асновай і падмуркам Мінскіх пагадненняў з`яўляюцца тыя законы, якія павінна прыняць Вярхоўная Рада Украіны, — сказаў Медзвядчук. — Гэта пытанні, звязаныя з прыняццем закона аб выбарах, прыняццем закона аб амністыі, прыняццем закона і ўвядзеннем яго ў дзеянне аб асаблівым статусе, а таксама фіксаванне ў Канстытуцыі Украіны асаблівага статусу гэтых тэрыторый".