Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/06/28/ru_1009134_123/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 09:16
28.06.2019 16:57 Грамадства

Кіраўнік МУС удакладніў: На волю па амністыі выйдзе каля 2 тысяч чалавек

Мінск, 28 чэрвеня. Амністыя ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў закране каля шасці тысяч чалавек, з месцаў пазбаўлення волі выйдуць каля дзвюх тысяч чалавек, паведаміў журналістам міністр унутраных спраў Юрый Караеў 28 чэрвеня перад прадстаўленнем законапраекта ў Савеце Рэспублікі.

"Пад вызваленне ад усіх відаў пакарання падпадае каля шасці тысяч чалавек, якія асуджаныя за злачынствы, што ўяўляюць найменшую небяспеку для грамадства", — сказаў Караеў.

"Згодна з прагнозам і статыстыкай дэпартамента выканання пакарання МУС у такой катэгорыі асоб не больш за 10% здзяйсняюць рэцыдыў. Таму мы прагназуем, што тыя, хто спатыкнуўся і быў ізаляваны ад грамадства, калі яны вернуцца, звычайным грамадзянам на волі яны не павінны прынесці вялікіх праблем", — дадаў міністр.

Навіной цяперашняга законапраекта аб амністыі ён назваў тое, што амністыя закране непаўналетніх. "З выхаваўчай калоніі ў Бабруйску 45 непаўналетніх будуць адпушчаныя. Да таго ж па артыкуле 328 амністыяй закранутая не толькі першая частка, але і другая і трэцяя. Гэта значыць, ідзе больш гуманнае пашырэнне поля гэтага законапраекта", — адзначыў Караеў.

Варта адзначыць, што сёння раніцай, прадстаўляючы праект закона ў Палаце прадстаўнікоў, Караеў паведаміў: па амністыі з папраўчых устаноў закрытага тыпу будзе вызвалена шэсць тысяч чалавек, з устаноў адкрытага тыпу — 685.

Законапраект аб амністыі Палата прадстаўнікоў прыняла 28 чэрвеня адразу ў двух чытаннях.

Вызваленне ад пакарання па амністыі атрымаюць непаўналетнія, цяжарныя, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей да 18 гадоў, інваліды I і II груп, асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, хворыя на актыўную форму туберкулёзу, на анкалагiчныя захворваннi другой, трэцяй, чацвёртай клiнiчных груп, ВІЧ-інфікаваныя з 3-й і 4-й стадыямі захворвання, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, асобы, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, грамадзяне, якія атрымалі раненні, калецтвы і захворванні ў перыяд праходжання ваеннай службы.

На адзін год скарачаецца тэрмін пакарання для асоб, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя часткамі 1, 2 і 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Для асоб, якія ўчынілі злачынства па гэтым артыкуле ў непаўналетнім узросце, тэрмін пакарання будзе скарочаны на два гады.

Амністыя будзе распаўсюджвацца на асоб, якія цалкам пакрылі ўрон і добра характарызаваліся падчас адбыцця пакарання.

Не закране амністыя асуджаных за забойства (ч. 2 арт. 139 КК), згвалтаванне (чч. 2, 3 арт. 166 КК), палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў (ч. 2 арт. 168 КК), якія ўчынілі ДТЗ у нецвярозым стане з загінулымі і пацярпелымі (чч. 4, 5 арт. 317 КК), здраду дзяржаве, шпіянаж (артыкулы 356—362 КК), паклёп у дачыненні да прэзідэнта (арт. 367 КК), якія атрымалі бязвыплатную замежную дапамогу з парушэннем заканадаўства (арт. 369.2 КК), якія парушылі парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 369.3 КК), злоўжылі ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (арт. 421—422 , чч. 2 і 3 арт. 424 КК), якія ўчынілі бяздзейнасць службовай асобы (чч. 2 і 3 арт. 425 КК), якія перавысілі ўладу або службовыя паўнамоцтвы (чч. 2 і 3 арт. 426 КК).

Тэрмін выканання закона аб амністыі працягнуты з шасці да дзевяці месяцаў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239