Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/01/ru_1009313_456321/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2019 23:05
01.07.2019 09:05 Спорт, Палітыка

Лукашэнка на закрыцці Еўрапейскіх гульняў: Суседзі ў нас вельмі розныя, і ладзіць з імі часам няпроста

Мінск, 1 ліпеня. "Гэта было свята сяброўства і яднання, гарачых па напале спаборніцтваў, якія згуртавалі мільёны жыхароў Еўропы ў адну вялікую сям'ю", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў на мінскім стадыёне "Дынама" вечарам 30 чэрвеня.

"Але перш за ўсё мы падарылі яго сабе і Беларусі як сведчанне нашых магчымасцяў і таго, што мы горы можам звярнуць, аднак толькі тады, калі мы разам", — падкрэсліў афіцыйны лідар. II Еўрапейскія гульні, на яго думку, былі "ўрачыстасцю яркіх, незабыўных уражанняў і моцных эмоцый".

"Для гасцей мы шырока расчынілі ўсе дзверы Беларусі — краіны сярэднееўрапейскіх памераў, якая жыве і развіваецца згодна са сваімі законамі і традыцыямі, што сягаюць глыбока ў сівізну стагоддзяў. Краіны, якая не стварае праблем і не выстаўляе прэтэнзій суседзям. Яны ў нас, гэтыя суседзі, вельмі розныя, і ладзіць з імі часам няпроста", — адзначыў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што даручыў ураду і Адміністрацыі прэзідэнта "стварыць банк даных валанцёрскага руху" і "выкарыстоўваць для развіцця краіны" іх "веды і талент". "Мы не можам страціць восем тысяч чалавек, якія два гады рыхтаваліся да гэтай падзеі, якія навучыліся аказваць першую дапамогу і падтрымку, якія ведаюць шмат моў. Дзякуй вам велізарнае!" — сказаў афіцыйны лідар, звяртаючыся да валанцёраў.

На адрас гасцей Лукашэнка заявіў: "Вы наведалі краіну прыгожую і вельмі ўтульную для жыцця і адпачынку, пазнаёміліся з добрым, працавітым народам, які жыве без войнаў, узрушэнняў і канфліктаў. Калі вы зноў захочаце пачуць цішыню, прыязджайце да нас у Беларусь".

Лукашэнка выступіў на рускай мове, прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч (Славенія), які падняўся на трыбуну ўслед за ім, — на англійскай і беларускай. Міжнародны спартыўны чыноўнік звяртаўся па-беларуску і да ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця гульняў 21 чэрвеня. На прэс-канферэнцыі паводле вынікаў спаборніцтваў ён заявіў, што гэта была яго ініцыятыва, закліканая засведчыць павагу да краіны-арганізатара. Качыянчыч таксама адзначыў, што Славенія і Беларусь — невялікія краіны, дзе гавораць на мовах, на якіх не гавораць у "вялікіх дзяржавах".

На цырымоніі закрыцця прысутнічалі прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін і Таджыкістана Эмамалі Рахмон.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН