Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/03/ru_1009416_123/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 05:46
03.07.2019 08:33 Грамадства

На парадзе з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі прадставяць шэсць навінак айчыннага ваенпрама

Мінск, 3 ліпеня. На парадзе з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі 3 ліпеня ў Мінску Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт прадставіць шэсць навінак узбраення і ваеннай тэхнікі, паведамляе прэс-служба Дзяржкамваенпрама.

Так, упершыню будзе прадэманстраваная мадэрнізаваная баявая машына 9А33-2Б са складу ЗРК "Аса" на шасі МАЗ-6317. Мадэрнізацыя закранула каля 70% радыёэлектроннага абсталявання, у тым ліку станцыі выяўлення цэляў, візавання ракет і перадачы каманд "Асы". У машыне таксама палепшылі абароненасць электронных сістэм ад перашкод.

На парадзе будзе прадстаўлены зенітны ракетны комплекс (ЗРК) сярэдняй далёкасці "Бук-МБ3К", прызначаны для знішчэння шырокага спектру аэрадынамічных цэляў — ад беспілотнікаў да крылатых і тактычных балістычных ракет. На ЗРК усталяваная цеплавізійна-аптычная сістэма, якая дазваляе адсочваць цэлі ў любы час сутак без удзелу радыёлакацыйных станцый. Комплекс абсталяваны новымі кіраванымі зенітнымі ракетамі з актыўнай галоўкай саманавядзення 9М318МБ далёкасцю паражэння 70 км. Сродак перамяшчэння ЗРК — спецыяльна распрацаванае для яго чатырохвоснае паўнапрываднае шасі МЗКЦ-692250 з колавай формулай 8x8, якое забяспечвае запас ходу да 1.000 км.

Ва ўрачыстым маршы таксама будуць задзейнічаныя шматфункцыянальны разведвальны комплекс БРДМ-4Б, які забяспечвае аператыўнае атрыманне звестак аб суперніку з магчымасцю перадачы абагульненай інфармацыі на далёкасці да 300 км, і аўтамабіль "Рубон" з баявым модулем ДБМ-Т12,7. Модуль дазваляе атрымліваць панарамны агляд мясцовасці ў любы час сутак; выяўляць, распазнаваць, аўтаматычна суправаджаць цэлі, а пасля паражаць — беспілотнікі, транспарт або жывую сілу праціўніка. Абодва сродкі выкананыя на базе лёгкага браніраванага аўтамабіля МЗКЦ-490100 ("Волат").

На парадзе прадставяць шматцэлевы грузавік "Абаронца", які можа выкарыстоўвацца для перавозкі спецназа, а таксама ў якасці абароненага мабільнага пункта кіравання групамі спецыяльнага прызначэння або рухомай агнявой кропкі. Шасі МАЗ-631708 дазваляе "Абаронцу" перамяшчацца як па дарогах, так і па бездаражы. Браня забяспечвае высокую ступень абароны людзей ад бранябойна-запальных куль калібру 7,62х54 і ўздзеяння ўдарнай хвалі. Грузавік разлічаны на 16 чалавек, у тым ліку 14 транспартуюцца ў браняваным модулі. Запас ходу пры хуткасці 60 км/гадз — не менш за 1.000 км.

Яшчэ адной навінкай на парадзе стане вынік глыбокай мадэрнізацыі танка Т-72 — танк Т-72БМЭ з магчымасцю прымянення ўсіх тыпаў сучасных танкавых снарадаў; спалучэннем маналітнай і камбінаванай бронеабароны з дадатковай дынамічнай абаронай і супрацькумулятыўнымі экранамі. Мадэрнізаваны танк абсталявалі прыцэлам "Эса-72У" з тэлевізійным і цеплавізійным каналамі, што дазволіла павялічыць далёкасць стральбы з 4 да 5 км днём і з 1,2 да 3,5 км ноччу.

Ваенны парад з нагоды Дня Незалежнасці пачнецца ў Мінску ў 21.00. У парадзе возьмуць удзел 25 парадных разлікаў — усяго больш за 4 тысячы чалавек. Будуць і прадстаўнікі замежных армій — свой удзел пацвердзілі восем дзяржаў.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239