Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/03/ru_1009499_554786/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 07:38
03.07.2019 07:00 Грамадства

Беларусь адзначае Дзень Незалежнасці

Мінск, 3 ліпеня. У Беларусі адзначаюць галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. Сёлета яго мерапрыемствы прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Як адзначылі ў Мінгарвыканкаме, у сталіцы 3 ліпеня адбудзецца прыблізна 80 мерапрыемстваў у цэнтры горада і раёнах — у асноўным у паркавых зонах. У канцэртных праграмах возьмуць удзел эстрадныя і дзіцячыя творчыя калектывы, адбудуцца спартыўныя выступленні, будуць працаваць выставы вырабаў народнай творчасці, арганізаваны святочны гандаль. Ля Палаца спорту ўстаноўленая сцэна, тут выступяць майстры мастацтваў. Запланаваная святочная праграма ў Верхнім горадзе. Увечары ў сталіцы будзе ўключаная святочная ілюмінацыя.

Паводле інфармацыі Міністэрства культуры, з 10.00 да 11.00 на праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі пройдзе патрыятычнае шэсце "Беларусь памятае". Калону ўзначаліць Аляксандр Лукашэнка і вышэйшыя службовыя асобы. Пасля заканчэння шэсця будуць ускладзеныя вянкі і кветкі да помніка Перамогі. Кіраўнік дзяржавы традыцыйна пагутарыць з ветэранамі вайны і дыпламатамі.

Ваенны парад пачнецца а 21-й гадзіне каля стэлы "Мінск — горад-герой" і будзе доўжыцца прыкладна гадзіну і дзесяць хвілін. Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, парад пачнецца пралётам 50 адзінак баявых самалётаў і верталётаў. Затым рушаць 25 пешых разлікаў з 5 тыс. вайскоўцаў і 26 разлікаў вайсковай тэхнікі (280 адзінак). У парадзе возьмуць удзел вайскоўцы васьмі замежных дзяржаў: Расіі, Кітая, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана. Парад завершыцца пляц-парадам роты ганаровай варты. Затым будзе паказаны тэатралізаваны эпізод "Беларусь гераічная" і адбудзецца традыцыйная акцыя "Праспяваем гімн разам". Пасля заканчэння акцыі будзе дадзены святочны салют з шасці традыцыйных агнявых пазіцый у Мінску: абеліск "Мінск — горад-герой" (парк Перамогі), пляцоўка блізу вёскі Навінкі, пляцоўка ля вёскі Зацань, былы аэрапорт Мінск-1, пустка блізу Чыжоўскіх могілак, ваенны гарадок Уручча.

Пасля салюту, з 22.30 да 24.00, каля стэлы адбудзецца гала-канцэрт беларускіх артыстаў. У ім у прыватнасці возьмуць удзел папулярныя маладзёжныя выканаўцы — ураджэнцы Мінска Рыта Дакота і Ціма Беларускіх.

У абласных цэнтрах салют будзе дадзены а 23-й гадзіне.

Варта адзначыць, што ў 1991—1996 гадах Дзень Незалежнасці адзначалі 27 ліпеня, ён быў прымеркаваны да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, было прынятае паводле вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года, правядзенне якога ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь з'яўляецца адзінай з былых савецкіх рэспублік, чый дзень незалежнасці не прывязаны да распаду СССР.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239