Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/03/ru_1009662_145214/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 14:19
03.07.2019 22:12 Палітыка

Лукашэнка: Усе сёння ваююць супраць усіх — гэта побач з нашымі межамі

Мінск, 3 ліпеня. Сёння ў глабальныя супрацьстаянні ўцягнутыя і невялікія дзяржавы, усе ваююць супраць усіх, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 ліпеня на парадзе ў гонар 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці.

"У глабальныя супрацьстаянні ўцягнутыя і невялікія дзяржавы. Усе сёння ваююць супраць усіх. І гэта адбываецца не проста вакол нас, а побач з нашымі межамі", — сказаў галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Беларусі.

"Мы маем намер выкарыстоўваць усе рэзервы для аднаўлення стабільнасці і спакою ў рэгіёне. Вылучаючы міралюбныя ініцыятывы, мы імкнемся да галоўнай мэты — знайсці новыя шляхі і метады наладжвання адносін паміж рознымі геапалітычнымі сіламі", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што баяздольнасць Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў Беларусі ўмацоўваецца выключна для забеспячэння міру на сваёй зямлі.

"З нашым галоўным стратэгічным партнёрам — Расіяй — ажыццяўляем ваеннае будаўніцтва, скіраванае на павышэнне абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з краінамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Пашыраем супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах з Кітайскай Народнай Рэспублікай", — адзначыў беларускі кіраўнік.

Ён нагадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны продкі цяперашняга пакалення разам змагаліся супраць агульнага агрэсара як на захадзе, так і далёка на ўсходзе. "І сёння мы разам стаім на варце спакою і дабрабыту нашых дзяржаў", — заявіў Лукашэнка.

"Мы 75 гадоў жывем пад чыстым небам. У імя святой памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны абавязаныя захаваць мір і незалежнасць сваёй зямлі, перадаць гэтую самую вялікую каштоўнасць у нашым жыцці наступным пакаленням. Выканаць гэтую важную місію — значыць годна супрацьстаяць выкліку новых глабальных канфліктаў: ваенных, інфармацыйных, эканамічных. Такіх, якія ахопліваюць усе сферы жыцця, руйнуюць дзяржавы знутры і адкідаюць на дзесяцігоддзі назад у развіцці. Часам без адзінага стрэлу, але ўсё часцей — паводле крывавых сцэнарыяў", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239