Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/04/ru_1009703_244478/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 13:25
04.07.2019 12:30 Грамадства

Мінабароны: Меркаваная прычына выбухаў падчас салюту на Дзень Незалежнасці — няякасныя зарады феерверкаў

Мінск, 4 ліпеня. Камісія Міністэрства абароны падчас службовага расследавання прычын выбухаў феерверкаў на Дзень Незалежнасці 3 ліпеня ў Мінску ўстанавіла, што падарваліся снарады аднаго з пяці калібраў, якія выкарыстоўваліся падчас салюту, паведамляе прэс-служба абароннага ведамства.

Падрывы здарыліся ў трох з шасці месцаў, адкуль давалі залпы. Ва ўсіх выпадках падарваліся снарады калібру 195 мм, са снарадамі калібраў 105, 125, 150 і 310 мм інцыдэнтаў не адбылося. Адзначаецца, што салютныя ўстаноўкі і феерверкі былі закупленыя ў расійскай кампаніі "Піра-Рос" (Сергіеў Пасад, Маскоўская вобласць).

"Меркаваная прычына падрыву — няякасныя зарады калібру 195 мм, — адзначылі ў прэс-службе Мінабароны. — Следчым камітэтам таксама вылучаныя і адпрацоўваюцца іншыя магчымыя версіі здарэння. Устаноўлена, што ўсе рэгламентаваныя нарматыўнымі дакументамі меры бяспекі былі выкананыя. Вайскоўцы разлікаў салютных установак прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і былі дапушчаныя да правядзення салюту адпаведнымі загадамі".

"Для выключэння чалавечага фактару (няправільнай эксплуатацыі установак і вырабаў) у межах аб'ектыўнага кантролю вялася відэаздымка працэсу зараджання салютных установак. У месцах правядзення салюту было выстаўленае ачапленне згодна з нарматыўным актам, які рэгламентуе прымяненне гэтых феерверачных вырабаў, якія маюць адпаведныя сертыфікаты фірмы-вытворцы", — паведамілі ў Мінабароны.

У ведамстве падкрэслілі, што гэтая трагічная падзея — "вельмі рэдкі выпадак", які "цяжка было пралічыць", бо "падобных падрываў у папярэдні перыяд не было зафіксавана".

Па факце выбухаў падчас святочнага салюту ў Мінску вечарам 3 ліпеня галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта распачало справу
на падставе ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных).

Як паведаміла прэс-служба СК, вечарам 3 ліпеня "здарыліся чатыры выбухі феерверачных вырабаў, у выніку чаго разбураныя салютныя ўстаноўкі, разлётам аскепкаў нанесеныя цялесныя пашкоджанні не менш як 10 грамадзянам". "Адна жанчына, нягледзячы на аператыўна аказаную медыцынскую дапамогу, памерла на месцы здарэння. Акрамя таго, пашкоджаныя будынкі і збудаванні, якія знаходзяцца паблізу", — гаварылася ў паведамленні.

У прычынах здарэння разбіраецца створаная следчая група з супрацоўнікаў цэнтральнага апарату Следчага камітэта, УСК па Мінску і УСК па Мінскай вобласці. Разглядаюць чатыры версіі: няспраўнасць салютных установак, няспраўнасць феерверачных вырабаў, няправільнае зараджанне салютных установак, няправільная эксплуатацыя салютных установак.

Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні. Працягваецца праца на месцах здарэнняў, канфіскоўваецца тэхнічная дакументацыя, звязаная з эксплуатацыяй салютных установак і феерверачных вырабаў. Дапытваюцца сведкі, у тым ліку вайскоўцы, якія ажыццяўлялі зараджанне, і супрацоўнікі прадпрыемства — пастаўшчыка феерверкаў.

Прызначаныя экспертныя даследаванні.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239