Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/06/ru_1009959_1009960/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 01:53
06.07.2019 16:13 Палітыка, Грамадства

Экс-генпракурор Украіны: Заказчык забойства Паўла Шарамета займае досыць высокую пасаду

Мінск, 6 ліпеня. Да забойства журналіста Паўла Шарамета можа быць датычны адзін з народных дэпутатаў Украіны, які і цяпер займае досыць высокую пасаду, заявіў былы ўкраінскі генпракурор Віктар Шокін у інтэрв'ю інтэрнэт-выданню "Страна.ua".

"Прозвішча публічна называць я не буду. Але я мяркую і, як казаў раней, практычна ўпэўнены... Каб сказаць з гарантыяй, неабходна правесці следчыя дзеянні пэўнага характару", — адзначыў Шокін, які ўзначальваў генпракуратуру Украіны з лютага 2015 па красавік 2016 года.

"Прычым там зусім няшмат патрэбна зрабіць. Я ўжо прапаноўваў, што для гэтага неабходна — проста вярнуць групу, якая расследавала справу аб забойстве журналіста Георгія Гангадзэ... — працягнуў экс-генпракурор. — Тыя, хто вядуць справу Шарамета, мяне выдатна зразумелі. Я сустракаўся з калегамі, якія вялі гісторыю па Гангадзэ, — яны лічаць, што ў маіх словах ёсць, як мінімум, значная доля праўды. Гэта не 100%, і трэба гэта праверыць — усё зойме месяц, не больш. Тады можна было б паставіць кропку ў гэтай справе. Сувязь паміж гэтымі справамі, хутчэй за ўсё, ёсць".

44-гадовы ўраджэнец Мінска журналіст Павел Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расіі і Украіны, загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко ў Кіеве. Магутнасць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400—600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу па артыкуле "Наўмыснае забойства". Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядалася помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне, па асабістых матывах або па памылцы (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца "Украінскай праўды" Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі перамяшчаўся Шарамет у момант трагедыі).

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239