Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/08/ru_1010025_1010026/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 03:32
08.07.2019 11:58 Грамадства

У Беларусі могуць увесці адказнасць для юрыдычных асоб за дачу хабару

Мінск, 8 ліпеня. У Беларусі могуць увесці адказнасць для юрыдычных асоб за дачу хабару. Такая мера прадугледжаная законапраектам "Аб змяненні законаў па пытаннях барацьбы з карупцыяй".

Цяпер дакумент знаходзіцца на разглядзе кіраўніка дзяржавы.

Пра сутнасць законапраекта паведаміў на семінары для работнікаў фінансавых органаў, які прайшоў у маі, старшы пракурор упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры Максім Зіновік.

Паводле яго слоў, у выпадках калі суд вызначыць, што хабар даваўся ў інтарэсах юрыдычнай асобы, апошнюю плануецца прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. "Такая практыка ўжо даўно існуе ў Еўрасаюзе, Расіі, — расказаў на семінары Зіновік, фрагменты выступлення якога апублікаваныя ў апошнім нумары часопіса "Финансы, учет, аудит". — Гаворка ідзе пра подкуп. Калі ён робіцца ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы, напрыклад каб выйграць тэндар, гэтую арганізацыю будзе чакаць адміністрацыйная адказнасць з вялікім памерам штрафу".

Паводле слоў чыноўніка, законапраект прадугледжвае, што, пасля таго як хабарадавальнік і хабараатрымальнік адправяцца адбываць пакаранне, у дачыненні да юрыдычнай асобы, у інтарэсах якой быў дадзены хабар, пракурор складзе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Паводле звестак Белстата, у студзені—маі гэтага года ў Беларусі зафіксавана 1.188 выпадкаў хабарніцтва, што на 33,2% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага.

У маі ў Беларусі прыняты дэкрэт аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй, згодна з якім асобы, якія адбываюць пакаранне за карупцыйныя злачынствы, могуць быць датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі толькі ў выпадку памілавання кіраўніком дзяржавы.

Як адзначыў, выступаючы ў маі ў Палаце прадстаўнікоў генпракурор Аляксандр Канюк, раней рашэнні аб умоўна-датэрміновым вызваленні да асуджаных за карупцыю выносіліся раённымі судамі. Гэта, на думку Канюка, прыводзіла да незаслужана выхаду карупцыянераў на волю. Барацьбу з карупцыяй генпракурор назваў "адным з найважнейшых прыярытэтаў беларускай дзяржавы".

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239