Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/08/ru_1010037_874569/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 22:47
08.07.2019 13:11 Палітыка

Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэчу ў Мінску з удзелам кіраўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі

Фота president.gov.ua
Мінск, 8 ліпеня. Уладзімір Зяленскі прапануе расійскаму калегу Уладзіміру Пуціну правесці сустрэчу ў Мінску з удзелам кіраўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі. Відэазварот Зяленскага апублікаваны 8 ліпеня на афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны.

"Трэба пагаварыць? Трэба. Давайце. Абмяркуем, чый Крым і каго няма на Данбасе, — сказаў Зяленскі. — Кампанію для размовы прапаную наступную: я, вы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэм`ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон".

"Месца? Думаю, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з задавальненнем прыме нас у Мінску. Мы не мяняем і не адмаўляемся ні ад якіх дыпламатычных фарматаў. Мы прапануем пагаварыць", — дадаў Зяленскі.

У сваім відэазвароце Зяленскі згадвае анансаваны напярэдадні прамы тэлемост паміж украінскім тэлеканалам NewsOne і каналам "Россия 1". "Анансаваны тэлемост — гэта проста танны, але небяспечны піяр-ход перад выбарамі, мэта якога — зноў раздзяліць нас, украінцаў, на два лагеры. Цяпер вамі маніпулююць палітыкі, якія вельмі хочуць трапіць у парламент", — заявіў Зяленскі.

Сітуацыя ва Украіне абмяркоўвалася 17 чэрвеня падчас візіту прэзідэнта Украіны ў Парыж. Пасля перамоў з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам Зяленскі заявіў: "Украінскі народ даверыў мне пошук складаных кампрамісаў у Мінску, у мінскім перамоўным працэсе. Завяршэнне вайны і вяртанне анексаваных украінскіх тэрыторый — гэта мая галоўная задача. Але я разумею, што немагчыма ўсталяваць мір ваенным шляхам. Ён будзе мець занадта высокую цану: тысячы чалавечых жыццяў. Адзіны ключ да міру — гэта дыпламатычны і санкцыйны націск, таму я прашу яго захаваць".

"Перакананы, што Еўропа не зможа адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, пакуль Расія робіць выгляд, што міжнароднага права проста не існуе... Ніхто не хоча, каб Украіна заставалася парахавой бочкай, дзе Крым і Данбас — бікфордаў шнур", — дадаў украінскі лідар.

Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў "нармандскім фармаце" на вышэйшым узроўні прайшлі ў Мінску 11—12 лютага 2015 года. У той сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка, Расіі Уладзімір Пуцін, Францыі Франсуа Аланд і канцлер ФРГ Ангела Меркель.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН