Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/08/ru_1010069_456554/
Дата раздрукоўкі: 11.11.2019 23:08
08.07.2019 16:07 Палітыка

Лукашэнка падтрымлівае ідэю правядзення ў Мінску сустрэчы высокага ўзроўню па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе

Мінск, 8 ліпеня. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага правесці ў Мінску міжнародную сустрэчу па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе з удзелам кіраўнікоў Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

"Наш прэзідэнт абсалютна падтрымлівае прапановы Уладзіміра Зяленскага. Гэтая пазіцыя нязменная — і заключаецца яна ў тым, што нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл гармат, трэба сядаць і вырашаць праблемы, якіх шмат", — гаворыцца ў паведамленні.

"Што да абвешчаных прапаноў пра ўдзельнікаў сустрэчы, то ўсе напэўна памятаюць — прэзідэнт нашай краіны неаднаразова казаў, што "гэтую праблему павінны вырашыць мы — тры славянскія народы. Не еўрапейцы, не амерыканцы, а менавіта мы, каб яна не была замарожаная па прыкладзе іншых гарачых пунктаў на постсавецкай прасторы". Аднак калі вырашыць праблему ў такім фармаце не атрымліваецца, і адзін з бакоў канфлікту — у гэтым выпадку Украіна — настойвае і прапануе ўдзел і іншых гульцоў, мы такі фармат падтрымліваем таксама. Тым больш што і пра ўдзел ЗША ў вырашэнні гэтага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно казаў — без амерыканцаў вырашыць гэтую праблему будзе складана, ужо занадта яны пагружаныя ў гэтыя працэсы", — адзначае прэс-служба.

"Ну і з нагоды месца правядзення сустрэчы... тут і зусім двух меркаванняў быць не можа: вайна ля нашага парога, і ў Мінску заўсёды лічылі і лічаць за гонар быць пляцоўкай для мірных ініцыятыў і перагавораў", — гаворыцца ў паведамленні.

8 ліпеня Уладзімір Зяленскі выступіў з відэазваротам, у якім прапанаваў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну правесці сустрэчу ў Мінску. "Трэба пагаварыць? Трэба. Давайце. Абмяркуем, чый Крым і каго няма на Данбасе, — сказаў прэзідэнт Украіны. — Кампанію для размовы прапаную наступную: я, вы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэм'ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон".

"Месца? Думаю, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з задавальненнем прыме нас у Мінску. Мы не мяняем і не адмаўляемся ні ад якіх дыпламатычных фарматаў. Мы прапануем пагаварыць", — дадаў Зяленскі.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ініцыятыва Зяленскага будзе разгледжаная. "Пакуль я не гатовы неяк адказваць, гэта ж абсалютна новы фармат, — цытуе Пяскова РИА Новости. — Па-першае, трэба зразумець, ці ёсць перспектывы ў такой сустрэчы. Па-другое, трэба зразумець, што гэта за новы фармат прапаноўваецца. Справа ў тым, што ЗША не з'яўляюцца ўдзельнікам "нармандскага фармату", і як быць з мінскімі дамоўленасцямі, пад якімі стаяць подпісы ўдзельнікаў нармандскага працэсу, але не стаяць подпісы ніякіх прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта новая ініцыятыва, безумоўна, яна будзе разгледжаная, але пакуль я не магу выказаць нейкай рэакцыі".

Перамовы аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў "нармандскага фармаце" на вышэйшым узроўні прайшлі ў Мінску 11—12 лютага 2015 года. У сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка, Расіі Уладзімір Пуцін, Францыі Франсуа Аланд, а таксама канцлер ФРГ Ангела Меркель.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН