Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/09/ru_1010143_1010144/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 05:29
09.07.2019 12:40 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Мы з Пуціным дамовіліся, што не будзем ламаць дамову аб Саюзнай дзяржаве

Мінск, 9 ліпеня. Беларусь і Расія дамовіліся, што не будуць "ламаць" дамову аб Саюзнай дзяржаве, а будуць крок за крокам развіваць інтэграцыю, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня на сустрэчы з дзяржсакратаром СД Рыгорам Рапотам.

"Сутнасць заключаецца ў тым, што мы дамовіліся з прэзідэнтам Пуціным аб тым, што мы не будзем ламаць дамову, — цытуе Лукашэнку прэс-служба беларускага прэзідэнта. — Таму што калі мы ўлезем у ломку дамовы, мы разбурым наогул усё, што створана за гэты час. Гэта, па-першае, а па-другое, дагавор жа ў поўным аб'ёме не рэалізаваны. Ён сёння актуальны. Таму прэзідэнты вырашылі, што нельга чапаць дагавор, а трэба проста выпрацаваць дакументы, матэрыялы — мы назвалі гэта праграмай дзеянняў па далейшай інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках саюзнай дамовы".

Паводле слоў Лукашэнкі, бакі вызначылі "тыя рамкі, пункты, вехі, расставілі сцяжкі, як паляўнічыя кажуць, за якія мы выходзіць не павінны". "Тое, што мы не можам сёння рэалізаваць, — адзначыў ён. — Мы адказалі на самае галоўнае пытанне, якое, ведаеце, падкідвалася з усіх бакоў (не ведаю, з якой мэтай): увойдзе Расія ў склад Беларусі ці Беларусь у склад Расіі або не. Мы адказалі, што гэтага сёння рабіць наогул не трэба. Нават размаўляць на гэтую тэму. І Пуцін на гэтае пытанне адказваў. І я тым больш. Няма такой неабходнасці. Ну і па шэрагу іншых пытанняў. Мы вырашылі так, што мы павінны ісці крок за крокам. Для таго, каб рэалізаваць палажэнні саюзнай дамовы".

На сустрэчы таксама адзначалася важнасць вырашэння бягучых пытанняў у супрацоўніцтве з Расіяй, а не толькі стратэгічных. "Трэба вырашаць і бягучыя пытанні, якіх у нас з Расіяй нямала, — сказаў Лукашэнка. — Напрыклад, у нас сёння каля 80 прадпрыемстваў закрытыя Рассельгаснаглядам ці нейкім там органам у Расіі, а можа быць, і ўрадам. Хутчэй за ўсё, урадам. Закрытыя да паставак нашай прадукцыі ў Расію. Прытым па надуманых падставах. Бо можна прыняць і абгрунтаваць любое рашэнне".

У канцы 2018 года расійскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў Саюзнай дзяржаве. У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп "для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін".

21 чэрвеня прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў правёў у Мінску перамовы з беларускім калегам Сяргеем Румасам. "Перамовы прайшлі добра. Мы разумеем адзін аднаго, чуем адзін аднаго, і абсалютна шчыра, не для таго каб выканаць дыпламатычны этыкет, скажу, што мы нарэшце па інтэграцыйнай тэматыцы гаворым на адной мове", — сказаў Мядзведзеў па іх выніках.

Сустрэўшыся затым з Лукашэнкам, расійскі прэм'ер заявіў, што самыя складаныя пытанні інтэграцыйнага парадку дня пакінутыя прэзідэнтам.

Ва ўрадзе Расіі заяўляюць, што рашэнні ўрада па фінансава-эканамічных узаемаадносінах з Беларуссю, у тым ліку па крэдытах і цэнах на газ, могуць быць прыняты пасля ўзгаднення бачання далейшай інтэграцыі з Расіяй.

"Мы дамовіліся з Беларуссю, што нам неабходна прымаць комплексныя рашэнні, якія б тычыліся бачання нашай далейшай інтэграцыі ў частцы саюзнай дамовы. Тады мы будзем разумець і арбіту нашых фінансавых узаемаадносін", — сказаў 8 чэрвеня журналістам першы віцэ-прэм'ер РФ, міністр фінансаў Антон Сілуанаў.

Ён растлумачыў, што раней за вырашэнне пытання з інтэграцыяй не мае сэнсу "выдзіраць" пытанні кампенсацыі за страты ад падатковага манеўру або пытанні крэдытавання краіны. "Усё гэта трэба глядзець у комплексе, у частцы таго, як мы будзем рухацца па інтэграцыі ў частцы тых мерапрыемстваў, якія ўтрымліваюцца ў саюзнай дамове. Сёння мы спрабуем абнавіць яе, каб мы бачылі разуменне нашай дарожнай карты", — сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239