Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/09/ru_1010158_1010159/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 05:50
09.07.2019 13:24 Палітыка

Лукашэнка: У Саюзнай дзяржаве назапасілася куча пытанняў, якія не вырашаюцца

Мінск, 9 ліпеня. У Саюзнай дзяржаве назапасілася "куча пытанняў, якія не вырашаюцца", заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам у Мінску.

У якасці прыкладу ён прывёў доступ да дзяржзаказаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. "Усе павінны быць у роўных умовах — і прадпрыемствы Расіі, і Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — Ці прамысловая кааперацыя, пра якую мы шмат гаворым. Ці падатковы манеўр, які падкінулі замест мытных пошлін, пра якія мы дамаўляліся, што іх наогул у ЕАЭС быць не павінна, не тое што ў Саюзнай дзяржаве. Або скончыліся ўжо фактычна тэрміны па перамовах на пастаўкі прыроднага газу і нафты на будучыню. Куча пытанняў, якія не вырашаюцца. І мы дамовіліся, што, вырашаючы стратэгічныя пытанні, мы паралельна будзем вырашаць і пытанні тактычнага характару, якія ляжаць на паверхні і крычаць. Таму што без вырашэння гэтых пытанняў і размаўляць няма пра што, з нашага боку. Гэта значыць маса праблем".

Лукашэнка заклікаў Рапоту трымаць гэтыя пытанні пад кантролем і ўдзельнічаць у перамовах як кіраўніку апарату Саюзнай дзяржавы. "Я гэта кажу да таго, што ўжо прайшло столькі перамоў, і вось мне сёння дакладваюць... Адны абяцанні, — сказаў ён. — Перамоўная група наткнулася на нейкае пытанне — урад Расіі абяцае даць, у тым ліку прэм'ер Мядзведзеў, усе каманды, распараджэнні, каб у комплексе вырашаць пытанні. Таму што вызначана тактыка вядзення перамоў: паабяцалі — забыліся, другі раз паабяцалі — забыліся. Гэта значыць ідзе незразумелае тармажэнне гэтых працэсаў".

Лукашэнка растлумачыў, чаму публічна загаварыў пра праблемы: "Ужо заўтра нам сустракацца з прэзідэнтам Пуціным у Піцеры. І абмяркоўваць вынікі гэтых перамоў. А абмяркоўваць няма чаго на сённяшні дзень. Таму я б папрасіў вас узяць гэта пад кантроль і ініцыяваць, паставіць жорстка пытанне перад расійскім бокам аб тым, што мы павінны ўжо літаральна за некалькі дзён выйсці на нейкія вынікі. Каб мы маглі выпрацаваць парадак дня і абмяркоўваць гэтыя пытанні з прэзідэнтам Пуціным 17—18 ліпеня ў Піцеры. Проста сустрэцца і пасядзець адзін перад адным, ні пра што не кажучы, — напэўна, гэты час ужо мінуў".

"Але калі няма зрухаў і мы нічога не гаворым — тады канспіралогія, — працягнуў Лукашэнка. — Вам вядома, як гэта бывае. Таму занадта шмат пытанняў, якія трэба вырашаць. Ды і па графіках правядзення сустрэч нашых вышэйшых органаў — саюзнага ўрада, Вышэйшага дзяржаўнага савета. Думаю, што трэба, дамовіўшыся тут, потым фармалізоўваць на Вышэйшым дзяржсавеце гэтыя дакументы. Але папярэдне разгледзець на саюзным Саўміне. Часу зусім не засталося. Загналі сябе ў кут і нічога не робім для таго, каб выйсці адтуль".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239