Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/09/ru_1010254_123/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 06:29
09.07.2019 19:58 Грамадства

Пачалася кампанія па зборы сродкаў на помнік заснавальніку БелаПАН Алесю Ліпаю

Мінск, 9 ліпеня. Пачалася кампанія па зборы сродкаў на помнік заснавальніку інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесю Ліпаю.

Збор сродкаў ажыццяўляецца на краўдфандынгавай платформе ulej.by.

Помнік плануецца ўсталяваць на магіле Алеся Ліпая ў гарадскім пасёлку Рудзенск (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) да першай гадавіны яго смерці, 23 жніўня 2019 года.

"Мы лічым, што постаць Алеся і ўсе добрыя справы, якія ён пакінуў пасля сябе, вартыя памяці. І вартыя помніка", — гаворыцца ў звароце родных, калег і сяброў Алеся Ліпая на старонцы кампаніі.

Працу па стварэнні помніка вядзе беларускі скульптар Вадзім Мацкевіч.

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Першую кнігу паэзіі "Пад снегам" выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі "Рэшта", у 2017-м — "Абдымкі".

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна (Мінская вобласць). У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, зведаў пераслед за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты "Лірнік". У канцы 1980-х гадоў — удзельнік таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя". У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам "Радыё Свабода" ў Беларусі.

У 1991 годзе падчас працы ў газеце "Знамя юности" вёў беларускамоўную старонку "Родны склон". Аўтар перакладу на беларускую мову дагавора аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выданых беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садзе ў Мінску, браў інтэрв'ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым яго ўвагу на сябе.

Раптоўна памёр 23 жніўня 2018 года ў адной са сталічных клінік.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239