Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/11/ru_1010430_1010431/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 21:17
11.07.2019 12:34 Грамадства

Генпракурор: Аднымі прававымі метадамі праблему п'яных за рулём не вырашыць

Мінск, 11 ліпеня. Узмацненне жорсткасці пакарання за п'янства за рулём не вырашыць праблему. Такое меркаванне выказаў журналістам генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк 11 ліпеня перад пасяджэннем Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі СНД.

"Пазіцыя прэзідэнта вельмі жорсткая, ён дзесьці ў парыве сказаў, што, можа быць, пажыццёва пазбаўляць правоў... Не выключаю, што мы да гэтага прыйдзем, ужо пачалі машыны забіраць. Але вы паглядзіце іншы бок: ну, забярэм мы ў яго правы — садзяцца без правоў, забярэм машыну — бяруць чужыя, бацькоўскія, выкрадаюць", — сказаў Канюк.

Паводле слоў генпракурора, заканадаўчыя меры будуць прынятыя, але патрабуюцца дадатковыя дзеянні. Канюк не выключыў, што гэтае пытанне можа быць вынесена на грамадскае абмеркаванне. "Трэба яшчэ і нейкія іншыя меры прапрацоўваць, можа, разам з вамі або з псіхолагамі. Адным пазбаўленнем правоў праблему кардынальна не вырашым. Той чалавек, які загубіў пяць чалавек ні за што, у яго ж не было правоў, ды і машына не яго, бацькаўская. Адных прававых мер недастаткова. Трэба нам з вамі нешта яшчэ думаць, шукаць дадатковыя меры", — падкрэсліў Канюк.

Аварыя, пра якую згадаў генпракурор, адбылася 7 ліпеня непадалёк ад Белаазёрска (Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць). Паводле папярэдняй інфармацыі, 31-гадовы вадзіцель не справіўся з кіраваннем Mercedes GL, у выніку чаго аўтамабіль перакуліўся ў меліярацыйны канал. У машыне знаходзіліся 10 чалавек — пяць мужчын, дзве жанчыны і трое дзяцей. Пяць пасажыраў — трое дзяцей, мужчына і жанчына — памерлі на месцы. Астатнія, у тым ліку кіроўца, не пацярпелі. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, у кіроўцы, у дачыненні да якога распачатая крымінальная справа, зафіксавана 1,4 праміле алкаголю.

ДАІ прапаноўвае ўвесці градацыю па ступені алкагольнага ап'янення кіроўцаў і ўзмацніць адказнасць за кіраванне ў нецвярозым стане. "Мы лічым, трэба падзяліць стан кіроўцы, які называецца алкагольным ап'яненнем. Градацыя ад 0,3 праміле застаецца. Адзінае — прапанавалі павялічыць штраф ад 50 да 100 базавых велічынь і захаваць пазбаўленне права кіравання на тры гады", — расказаў начальнік ДАІ Дзмітрый Карзюк у эфіры тэлеканала ОНТ 5 ліпеня.

Наступная, паводле яго слоў, градацыя алкагольнага ап'янення — 0,8 праміле і больш. "Гэта калі чалавек ужо практычна не цяміць, што ён робіць за рулём, і тым не менш садзіцца і едзе. А пасля 0,8 праміле, калі доктар будзе канстатаваць такое ап'яненне, мы прапаноўваем адказнасць 200 базавых велічынь і пазбаўленне права кіравання на пяць гадоў", — адзначыў Карзюк.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН