Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/11/ru_1010456_1010457/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2019 23:54
11.07.2019 14:14 Эканоміка

"Транснефць" не ўзгадніла прапанову Беларусі павялічыць тарыф на транзіт нафты

Мінск, 11 ліпеня. Расійская кампанія "Транснефць" атрымала прапанову ААТ "Гомельтранснафта Дружба" павысіць тарыфы на транспарціроўку нафты, але не лічыць магчымым яе ўзгадняць.

"Мы атрымалі ліст і адправілі ім адказ", — сказаў БелаПАН прэс-сакратар "Транснефці" Ігар Дзёмін, адмовіўшыся паведаміць сутнасць адказу.

Між тым расійскаму Інтэрфаксу Дзёмін расказаў, што гэта ўжо трэцяя сёлета спроба беларускага боку "змяніць сітуацыю з тарыфамі на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных нафтаправодах". Раней "Гомельтранснафта Дружба" прапаноўвала павялічыць тарыфы з 1 мая на 23,1%, затым — з 10 ліпеня на 21,7%. Апошні ліст датаваны 1 ліпеня. У ім прапаноўваецца павысіць тарыфы з 1 жніўня на 21,7%, паведаміў прэс-сакратар.

"На сёння адсутнічаюць як выніковыя дадзеныя па памеры дадаткова атрыманай ад ПАТ "Транснефць" тарыфнай выручкі па аперацыях замяшчэння, так і зацверджаны графік транспарціроўкі нафты на IV квартал 2019 года. Гэта не дае магчымасці зрабіць карэктную ацэнку "выпадаючых даходаў" у 2019 годзе і ўзгадніць справядлівы памер павышэння тарыфаў", — сказаў Дзёмін.

Цяпер пытанне аб пазапланавым павелічэнні тарыфаў ААТ "Гомельтранснафта Дружба" на транзіт нафты пераходзіць на ўзровень разгляду ўпаўнаважаных органаў Беларусі і Расіі ў галіне тарыфнага рэгулявання, дадаў Дзёмін.

Сваю прапанову павысіць тарыфы "Гомельтранснафта Дружба" аргументуе неабходнасцю кампенсаваць страты пасля аварыі на нафтаправодзе "Дружба". Беларуская кампанія сцвярджае, што з-за паставак забруджанай хларыдамі расійскай нафты яна недаатрымала 23,7 млн. долараў. "Такім чынам, у другім квартале 2019 года для ААТ "Гомельтранснафта Дружба" наступілі непрадбачаныя і некантраляваныя абставіны, звязаныя са значным адхіленнем ад заяўленых раней ПАТ "Транснефць" аб'ёмаў транспарціроўкі нафты па беларускім участку, якія аказалі істотны ўплыў на паказчыкі вытворча-фінансавай дзейнасці "Гомельтранснафта Дружба" ў гэтым годзе", — цытуе ліст Інтэрфакс.

Гэта, у сваю чаргу, не дазволіць беларускаму аператару нафтаправода "Дружба" кампенсаваць выдаткі, звязаныя з абслугоўваннем магістральнага нафтаправода, а таксама рэалізаваць праграму тэхнічнага пераўзбраення ў 2019 годзе.

У кампаніі "Гомельтранснафта Дружба" БелаПАН пацвердзілі факт звароту ў "Транснефць", аднак адмовіліся ад якіх-небудзь каментараў.

Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН