Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/12/ru_1010601_587489/
Дата раздрукоўкі: 07.06.2020 06:05
12.07.2019 16:30 Палітыка

Мандат спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі працягнуты яшчэ на год (дапоўнена)

Мінск, 12 ліпеня. Мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі працягнуты на год. Гэта прадугледжана рэзалюцыяй, якую прыняў Савет ААН па правах чалавека (СПЧ) 12 ліпеня на 41-й сесіі ў Жэневе.

Відэатрансляцыя пасяджэння вялася на сайце СПЧ.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 20 краін, супраць — 6, устрымаліся — 21. Спецдакладчыкам па Беларусі застаецца францужанка Анаіс Марын.

"У рэзалюцыі адзначаныя як пазітыўныя крокі, зробленыя ўрадам Беларусі, так і існыя праблемы ў сферы правоў чалавека", — сказала прадстаўніца Фінляндыі перад галасаваннем. Рэзалюцыя ўнесеная ў СПЧ з ініцыятывы Еўрасаюза.

Пасля прэзентавання рэзалюцыі члены СПЧ маглі выказацца адносна яе. Кітай і Куба выступілі супраць рэзалюцыі, Ісландыя падтрымала дакумент, прадстаўнік Уругвая заявіў, што яго краіна ўстрымаецца ад галасавання.

Супраць рэзалюцыі выказаўся таксама пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч.

У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне з нагоды таго, што раней беларускія ўлады адмаўляліся дазволіць спецдакладчыку наведаць Беларусь. СПЧ настойліва заклікае ўрад Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са спецдакладчыкам, у тым ліку даўшы яму магчымасць наведаць краіну.

"Савет выказвае занепакоенасць становішчам у галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі, асабліва неабгрунтаванымі абмежаваннямі і празмерна абцяжаранымі працэсамі, звязанымі з ажыццяўленнем правоў на свабоду мірных сходаў, асацыяцыі і выказвання меркаванняў", — гаворыцца ў дакуменце. Пры гэтым СПЧ прызнае "некаторым паляпшэннем" змены ў закон аб масавых мерапрыемствах, якія ўвялі паведамляльны (разам з заяўным) прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў.

Савет ААН па правах чалавека таксама занепакоены інфармацыяй пра "выпадкі катаванняў і бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і пенітэнцыярных устаноў, якія не былі належным чынам расследаваныя ўладамі", працягам прыгнёту праваабаронцаў, прафсаюзаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці, многім з якіх адмоўлена ў рэгістрацыі, арыштамі журналістаў і накладаннем на іх штрафаў за ажыццяўленне імі сваёй дзейнасці. СПЧ заклікае беларускія ўлады "ў поўнай меры выконваць правы на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцыі".

У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне з нагоды "адсутнасці рэакцыі ўрада Беларусі на выпадкі адвольных арыштаў і затрымання палітычных і грамадскіх актывістаў, нежадання пракурораў расследаваць выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання, беспакаранасці асоб, вінаватых у здзяйсненні злачынстваў, звязаных з парушэннямі і ўшчамленнем правоў чалавека, націску на адвакатаў і адсутнасці эфектыўных сродкаў прававой абароны". СПЧ таксама шкадуе з нагоды дыскрымінацыі, што закранае перш за ўсё асоб, якія належаць да ўразлівых груп і рэлігійных меншасцяў.

Савет заклікае Беларусь правесці "ўсёабдымны перагляд адпаведнага заканадаўства, палітыкі, стратэгій і практыкі для забеспячэння таго, каб нормы былі дакладна вызначаныя, адпавядалі яе (Беларусі. — БелаПАН.) міжнародным праваабарончым абавязацельствам і не выкарыстоўваліся для таго, каб перашкаджаць ажыццяўленню або неабгрунтавана абмяжоўваць ажыццяўленне любых правоў чалавека".

У рэзалюцыі таксама выказваецца занепакоенасць "адносна дзяцей, асуджаных за правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі", і падкрэсліваецца "неабходнасць уліку найлепшых інтарэсаў дзіцяці".

СПЧ вітае прыняцце ў Беларусі міжведамаснага плана ў галіне правоў чалавека на 2016—2019 гады, але рэкамендуе ўраду перагледзець і ўнесці змены ў дакумент, уключыўшы ў яго рэкамендацыі праваабарончых механізмаў ААН і прапановы арганізацый грамадзянскай супольнасці.

У рэзалюцыі гаворыцца аб глыбокай заклапочанасці СПЧ у сувязі з працягам прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі.

"Савет настойліва заклікае ўрад Беларусі прыняць усе неабходныя меры, каб забяспечыць поўную незалежнасць і бесстароннасць судовых органаў, гарантаваць права на справядлівы судовы разбор і права на эфектыўны перагляд прызначаных пакаранняў і вынесеных абвінаваўчых прысудаў вышэйшай судовай інстанцыяй і забяспечыць усім абвінавачаным права на свабодны выбар адваката на ўсіх этапах разбору", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Савет настойліва рэкамендуе Беларусі "неадкладна ажыццявіць усёабдымную рэформу прававой базы правядзення выбараў і ліквідаваць даўнія сістэмныя недахопы, якія тычацца прававой базы і практыкі правядзення выбараў", у адпаведнасці з рэкамендацыямі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, Венецыянскай камісіі і спецдакладчыка.

Беларусі таксама зноў "настойліва рэкамендавана" стварыць нацыянальную праваабарончую ўстанову (інстытут амбудсмена. — БелаПАН.) і працягваць актыўна ўдзельнічаць у ажыццяўленні парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239