Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/15/ru_1010713_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 12:17
15.07.2019 09:50 Эканоміка, Фінансы

Эксперты бачаць істотны бар`ер для прыходу інвестараў у беларускі гандаль

Мінск, 15 ліпеня. Заканадаўчае патрабаванне аб продажы тавараў беларускай вытворчасці з`яўляецца "істотным бар`ерам" для прыходу ў харчовы рэтэйл Беларусі міжнародных гульцоў, лічаць у кампаніі "Еўрагандаль", найбуйнейшай харчовай сетцы Беларусі.

У ліпені "Еўрагандаль" праз сваю даччыную структуру ў Расіі, ТАА "Рытэйл Бел Фінанс", размясціў першы выпуск аблігацый на расійскім рынку.

У праспекце эмісіі аблігацый гаворыцца, што кампанія не выключае прыходу на беларускі рынак канкурэнтаў з ліку замежных рознічных сетак. "Аднак ёсць шэраг бар`ераў, якія ўскладняюць выхад замежных гульцоў на беларускі рынак", — гаворыцца ў дакуменце.

Да ліку такіх бар`ераў "Еўрагандаль" адносіць заканадаўчае патрабаванне аб продажы прадуктаў беларускай вытворчасці і недастаткова развітую інфраструктуру.

"Еўрагандаль" звяртае ўвагу, што паводле дзейнага нарматыўнага рэгулявання ў Беларусі асартымент кожнага рознічнага аб`екта павінен уключаць пэўную долю прадуктаў, вырабленых у Беларусі.

"Ад 600 да 3.350 найменняў тавараў у адным гандлёвым аб`екце павінна быць мясцовай вытворчасці. Гэта з`яўляецца істотным бар`ерам для ўваходу на рынак міжнародных гульцоў, асабліва сетак дыскаунтараў, якія кіруюць стандартызаванай міжнароднай матрыцай, у якую ўваходзяць, як правіла, сукупна ад 1.000 да 2.000 найменняў тавараў", — гаворыцца ў праспекце эмісіі аблігацый расійскай "дачкі" "Еўрагандлю".

На думку экспертаў беларускай сеткі, з-за згаданых абставінаў "новы гулец не зможа паўнавартасна канкураваць з дзейнымі на рынку рэтэйлерамі па закупачных цэнах, пакуль аб`ём закупак тавараў лакальнай вытворчасці не дасягне значных маштабаў".

Акрамя гэтага, лічаць у "Еўрагандлі", складанасць у патэнцыйнага канкурэнта паўстане і з тым, што "ён будзе вымушаны сфармаваць новую асартыментную матрыцу для беларускага рынку, бо выкарыстанне міжнароднай матрыцы будзе немагчымым з прычыны заканадаўчых абмежаванняў".

Эксперты беларускага рэтэйлу паведамілі БелаПАН, што на гэты момант замежныя харчовыя сеткі не праяўляюць цікавасці да ўваходжання на рынак Беларусі.

"Цікавасці замежных сетак да харчовай розніцы Беларусі мы пакуль не назіраем. Чаму? Канкурэнцыя на беларускім харчовым рынку сярод дзейных гульцоў высокая. Некаторым гандлёвым сеткам даводзіцца нават кансалідавацца, каб паспяхова працягваць працаваць", — распавёў БелаПАН кіраўнічы дырэктар беларускага офіса кансалтынгавай кампаніі Colliers International Дзяніс Чацверыкоў.

Пры гэтым эксперты не выключаюць, што ў будучыні замежныя сеткі, нягледзячы на патрабаванні па наяўнасці беларускіх тавараў на паліцах крамаў, будуць прыходзіць на рынак Беларусі.

"Так, гэта ўмова, з якой могуць пагадзіцца не ўсе. Але ў Еўропе да буйных сетак таксама выстаўляюць непрыемныя патрабаванні, у прыватнасці, абмяжоўваюць час іх працы. Таму нашы патрабаванні па наяўнасці беларускіх тавараў на паліцы не стануць чырвонай анучай для ўсіх замежных харчовых сетак", — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН дырэктар інвестыцыйнай кампаніі "Юнітэр" Раман Восіпаў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239