Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/16/ru_1010821_123/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 12:29
16.07.2019 10:20 Грамадства, Эканоміка, Фінансы

МВФ рэкамендуе Беларусі павышаць пенсійны ўзрост

Мінск, 16 ліпеня. Міжнародны валютны фонд лічыць "вельмі мэтазгоднай" далейшую рэформу ў Беларусі пенсійнай сістэмы. Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе МВФ аб дэмаграфічнай сітуацыі ў краінах Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы.

На думку экспертаў МВФ, насельніцтва ў рэгіёне ў найбліжэйшыя 30 гадоў можа скараціцца, таму краінам варта зрабіць захады, якія б спрыялі занятасці людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту.

"Беларусь значна выйграе, калі павялічыць удзел пажылых работнікаў нават без павышэння пенсійнага ўзросту", — лічаць эксперты МВФ.

У той жа час яны адзначаюць, што павышэнне пенсійнага ўзросту з`яўляецца вельмі пажаданым для Беларусі.

"Рэформа пенсійнага ўзросту, хутчэй за ўсё, спатрэбіцца большасці краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Аднак асабліва яна была б карысная ў Беларусі, Малдове, Расіі, Турцыі і Украіне, як з пункту гледжання прапанавання рабочай сілы, так і для забеспячэння фіскальнай устойлівасці", — гаворыцца ў дакладзе МВФ.

Міжнародны валютны фонд у 2016 годзе апублікаваў справаздачу, у якой ужо рэкамендаваў Беларусі "паступовае павелічэнне пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын да 65 гадоў і наступную яго прывязку да сярэдняй працягласці жыцця".

Згодна з ацэнкамі МВФ, адносіны колькасці пенсіянераў да працаздольнага насельніцтва могуць у Беларусі павялічыцца з 40% у 2015 годзе да 68% да 2050 года.

У сувязі з гэтым эксперты валютнага фонду чакаюць, што выдаткі на пенсіі ў Беларусі ўзрастуць з 9,6% ВУП у 2015 годзе да 12,4% у 2030 годзе і да 16,1% ВУП у 2050 годзе. Як следства, калі пасля 2022 года пенсійны ўзрост не падымаць, то дэфіцыт існуючага пенсійнага фонду Беларусі ў 2030 годзе будзе роўны 2,8% ВУП, а ў 2050-м — 6,5% ВУП, лічаць эксперты МВФ.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у чэрвені 2018 года, дала зразумець, што пытанне пра новае павышэнне пенсійнага ўзросту можа быць разгледжанае ў Беларусі пазней. "Гледзячы на залу прысутных... Калегі, мужчыны, 60 гадоў — гэта не ўзрост", — сказала Касцевіч, адказваючы на пытанні дэпутатаў пра магчымае павышэнне пенсійнага ўзросту.

Як паведамлялася, у чэрвені 2018 года ў Савеце Рэспублікі праходзіла пасяджэнне экспертнай групы, у рабоце якой узялі ўдзел кіруючыя работнікі міністэрстваў і ведамстваў. Там, паводле інфармацыі БелаПАН, улады прапанавалі шэраг мер па забеспячэнні збалансаванасці бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. У прыватнасці, гаворка ішла пра новае павелічэнне пенсійнага ўзросту для жанчын з 58 да 63 гадоў у 2023—2032 гадах.

Першае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі было абвешчанае ў 2016 годзе. Тады ў Беларусі было прынятае рашэнне павышаць пенсійны ўзрост для жанчын і мужчын з 2017 года штогод на шэсць месяцаў. У выніку, за 2017—2022 гады пенсійны ўзрост жанчын вырасце з 55 да 58 гадоў, а мужчын — з 60 да 63 гадоў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН