Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/17/ru_1010950_123/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 02:41
17.07.2019 11:20 Палітыка

Лукашэнка накіраваўся ў Расію

Мінск, 17 ліпеня. Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня накіраваўся з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю. Ён возьме ўдзел у пленарным пасяджэнні форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а таксама правядзе нефармальную сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта.

"У Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка разам з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 18 ліпеня возьме ўдзел у пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Акрамя таго, запланаваны час для двухбаковых перамоў кіраўнікоў дзяржаў. У цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Бакі таксама абмяркуюць узаемадзеянне ў межах Саюзнай дзяржавы", — гаворыцца ў паведамленні.

Сёння прэзідэнты правядуць нефармальную сустрэчу. Месца сустрэчы прэс-служба Лукашэнкі не пазначае. Між тым два дні таму прэс-служба Крамля паведаміла, што 17 ліпеня прэзідэнты Беларусі і Расіі наведаюць Спаса-Праабражэнскі Валаамскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр.

Тэма перамоваў падымалася 9 ліпеня на сустрэчы Лукашэнкі з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам у Мінску.

Беларускі кіраўнік адзначыў, што ў Саюзнай дзяржаве сабралася "куча пытанняў, якія не вырашаюцца". У якасці прыкладу ён прывёў доступ да дзяржзамоваў. "Усе павінны быць у роўных умовах — і прадпрыемствы Расіі, і Беларусі. І мы дамовіліся, што, вырашаючы стратэгічныя пытанні, мы паралельна будзем вырашаць і пытанні тактычнага характару, якія ляжаць на паверхні і крычаць. Таму што без вырашэння гэтых пытанняў і размаўляць няма пра што, з нашага боку. То бок маса праблем", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён заклікаў Рапоту трымаць гэтыя пытанні пад кантролем і ўдзельнічаць у маючых адбыцца перамовах у статусе кіраўніка апарата Саюзнай дзяржавы. "Я гэта кажу да таго, што ўжо прайшло столькі перамоваў, і вось мне сёння дакладваюць — адны абяцанні. Перамоўная група (па пытаннях інтэграцыі. — БелаПАН.) натыкнулася на нейкае пытанне. Урад Расіі абяцае даць, у тым ліку прэм`ер Мядзведзеў, усе каманды, распараджэнні, каб у комплексе вырашаць пытанні, таму што вызначаная тактыка вядзення перамоваў. Паабяцалі — забыліся, другі раз паабяцалі — забыліся. Гэта значыць, ідзе незразумелае тармажэнне гэтых працэсаў", — сказаў Лукашэнка.

"Ужо заўтра нам сустракацца з прэзідэнтам Пуціным у Піцеры і абмяркоўваць вынікі гэтых перамоваў, — працягнуў ён. — А абмяркоўваць няма чаго на сённяшні дзень. Таму я б папрасіў вас узяць гэта пад кантроль і ініцыяваць, паставіць жорстка пытанне перад расійскім бокам аб тым, што мы павінны ўжо літаральна за некалькі дзён выйсці на нейкія вынікі. Каб мы маглі выпрацаваць парадак дня і абмяркоўваць гэтыя пытанні з прэзідэнтам Пуціным 17—18 ліпеня ў Піцеры. Проста сустрэцца і пасядзець адзін перад адным, ні пра што не кажучы, — напэўна, гэты час ужо прайшоў".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многія СМІ, асабліва апазіцыйныя, актыўна гавораць на тэму запланаванай паездкі кіраўнікоў Беларусі і Расіі на Валаам, намякаючы на нейкія таемныя дамоўленасці ў гэты час. "Ды мы не збіраемся на Валааме нешта таемна вырашаць, — сказаў Лукашэнка. — Гэта прэзідэнта Расіі прапанова. Гэта наша праваслаўная святыня. Я там проста павінен пабываць. Я яму ўдзячны, што ён мне яе асабіста пакажа і раскажа, як ён узнаўляецца, што зроблена там. Нічога таемнага".

Паводле прагнозаў экспертаў, пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна выразнасці ў пытаннях інтэграцыі не дадасца. "Хутчэй за ўсё, поспехі інтэграцыйных парываў у выглядзе дзясятка дарожных карт па збліжэнні канкрэтных палітык будуць паказаныя ў лістападзе — да юбілею Саюзнай дзяржавы і да выбарчай кампаніі ў Беларусі", — гаворыцца ў аналітычным аглядзе "Мінскі барометр", які падрыхтаваны Саветам па знешняй палітыцы "Мінскі дыялог" і апублікаваны 16 ліпеня.

Аналітыкі падкрэсліваюць, што як толькі роля Беларусі ў транзіце расійскай нафты скарацілася з-за сітуацыі з яе забруджваннем, з расійскага боку "амбіцыі і чаканні ад "паглыблення інтэграцыі" зменшыліся да рэалістычных".

Адзначаецца таксама, што ў маі—чэрвені канфрантацыйнасць у адносінах Мінска і Масквы прыкметна знізілася, "нават нягледзячы на ўздзеянне такой сур`ёзнай крыніцы напружання, як аварыя на нафтаправодзе "Дружба". Аўтары агляду звязваюць гэта ў тым ліку з прызначэннем новага пасла РФ у Беларусі. Як вядома, у ранейшага пасла Міхаіла Бабіча адносіны з афіцыйным Мінскам не склаліся.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239