Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/18/ru_1011044_123/
Дата раздрукоўкі: 27.11.2020 05:57
18.07.2019 12:01 Эканоміка

Беларусь знізіла экспарт нафтапрадуктаў амаль на 20%

Мінск, 18 ліпеня. Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у студзені—маі гэтага года скараціўся на 19,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага. Спецыялісты звязваюць гэта з паступленнем з Расіі "бруднай" нафты, а таксама з ростам попыту на паліва на ўнутраным рынку.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за пяць месяцаў 2019 года Беларусь экспартавала 4.568,2 тыс. тон нафтапрадуктаў. У грашовым выражэнні экспарт нафтапрадуктаў склаў 2,28 млрд долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года ён знізіўся на 19,9%, або на 564,8 млн долараў. У фізічным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў таксама паменшыўся на 19,9%.

У студзені—сакавіку Беларусь штомесяц экспартавала каля мільёна тон нафтапрадуктаў. У красавіку—маі экспартныя пастаўкі знізіліся. У красавіку ў параўнанні з сакавіком экспарт беларускіх нафтапрадуктаў паменшыўся на чвэрць, да 788,3 тыс. тон, а ў маі склаў 771,6 тыс. тон.

У красавіку—маі беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы вымушаныя былі скараціць пастаўкі нафтапрадуктаў на знешнія рынкі з-за паступлення з Расіі так званай бруднай нафты.

Акрамя таго, паводле дадзеных Беларускай нафтавай кампаніі, на скарачэнне экспарту нафтапрадуктаў таксама паўплывала павелічэнне попыту на паліва на ўнутраным рынку.

Сёлета экспарт нафтапрадуктаў можа знізіцца на 1—1,5 млн тон у параўнанні з мінулым годам — пра гэта паведаміў журналістам у канцы чэрвеня віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка. Ён нагадаў, што летась беларускія НПЗ перапрацоўвалі расійскую нафту, а таксама расійскія нафтапрадукты, але з 1 лістапада 2018-га Расія рэзка скараціла іх пастаўкі ў Беларусь.

Віцэ-прэм'ер таксама заявіў, што Беларусь разлічвае замясціць "брудную" нафту, якая паступіла з Расіі па нафтаправодзе "Дружба", якаснай. "Калі мы атрымаем увесь аб'ём адноўленай нафты з Расіі, то наша доля ў экспарце нафтапрадуктаў захаваецца на ўзроўні мінулых гадоў. Аднак у мінулыя гады даходзілі да мільёна тон нафтапрадукты, якія мы бралі з Расіі на перапрацоўку", — дадаў Ляшэнка.

Паводле яго слоў, з-за таго, што Расія абмежавала пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь з 1 лістапада 2018 года, "мільён, можа, паўтара мільёна тон" з беларускага экспарту нафтапрадуктаў можа выпасці ў 2019 годзе.

Сваё рашэнне скараціць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь расійскія ўлады патлумачылі тым, што Беларусь займаецца рээкспартам нафтавай прадукцыі пад выглядам нафтахімічнай.

Згодна з міжурадавымі дамоўленасцямі, з 1 лістапада 2018 года Расія пастаўляе Беларусі толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.

У студзені—маі Беларусь імпартавала з Расіі 35,5 тыс. тон нафтапрадуктаў на суму 19,8 млн долараў. У грашовым выражэнні пастаўкі расійскіх нафтапрадуктаў у студзені—маі знізіліся прыкладна ў 33 разы, у фізічным — у 50 разоў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239