Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/18/ru_1011071_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 13:35
18.07.2019 14:36 Эканоміка, Палітыка

Кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ: Калі не вырашыць прынцыповыя пытанні, будаўніцтва Саюзнай дзяржавы можа быць закансерваванае

Мінск, 18 ліпеня. Рабочыя групы па расійска-беларускай інтэграцыі, створаныя ў кожнай з краін, узгаднілі большасць пытанняў праекта праграмы далейшай інтэграцыі, аднак "ёсць шэраг нявырашаных пытанняў, якія носяць прынцыповы характар". Пра гэта заявіў міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу на пленарным пасяджэнні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Прамую трансляцыю яго выступу вёў афіцыйны youtube-канал Савета федэрацыі РФ.

Паводле слоў Арэшкіна, інтэграцыя Расіі і Беларусі заснаваная на "ўнікальнай мадэлі", якая "абапіраецца на агульную гісторыю, геаграфічную блізкасць і глыбіню эканамічнай кааперацыі".

"Мадэль функцыянуе на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі. Прамым вынікам працэсу будаўніцтва Саюзнай дзяржавы з'яўляецца дасягненне самага высокага на постсавецкай прасторы ўзроўню інтэграцыі, — адзначыў расійскі міністр. — Часам мы з вамі чуем крытыку ў дачыненні да вынікаў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Але хацелася б нагадаць, што нават у эканамічна больш развітых і палітычна больш стабільных дзяржавах інтэграцыйныя працэсы займаюць дзясяткі гадоў. Вазьміце хаця б прыклад таго ж Еўрапейскага саюза".

Арэшкін падкрэсліў, што грамадзяне краін Саюзнай дзяржавы шмат у чым зраўнаваныя ў правах, яны атрымліваюць аднолькавыя сацыяльныя гарантыі, "адчуваюць бяспеку на ўсёй прасторы ад Уладзівастока да Брэста".

"Калі паглядзець на сітуацыю ў свеце, то, на жаль, яна характарызуецца трэндам супрацьстаяння. Таму цяпер для нас з вамі асабліва важную ролю іграюць інтэграцыйныя працэсы", — дадаў міністр.

Паводле слоў Арэшкіна, за шэсць месяцаў з моманту стварэння рабочых груп была праведзеная "велізарная экспертная праца, яна не заўсёды была прыкметная ў публічным полі". "Перад намі стаяла задача не проста правесці рэвізію нарматыўных актаў, рашэнняў, тых вынікаў, якіх мы змаглі ці не змаглі дасягнуць, але з улікам гэтай прааналізаванай інфармацыі распрацаваць праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў дагавора. Рэалізацыя такой праграмы ў выпадку прыняцця адпаведнага рашэння нашымі прэзідэнтамі дазволіць дасягнуць прынцыпова новага ўзроўню ў развіцці Саюзнай дзяржавы. І, што важна, без унясення якіх-небудзь зменаў у базавы дагавор", — удакладніў чыноўнік.

Праект праграмы, адзначыў ён, прадугледжвае "непараўнальна большы ахоп інтэграцыйных сфер, чым тое, што мы маем у межах ЕАЭС". "Ён ахоплівае падатковае заканадаўства, фінансавую, крэдытна-грашовую, бюджэтную палітыку, антыманапольнае і мытна-тарыфнае рэгуляванне, правілы ў галіне абароны правоў спажыўца, а таксама палітыку ў галіне аховы працы і сацыяльнай абароны насельніцтва", — пералічыў кіраўнік Мінэканамразвіцця.

Паводле яго слоў, большасць пытанняў урадамі ўжо ўзгодненая. "Ёсць шэраг нявырашаных пытанняў, яны, вядома ж, носяць прынцыповы характар, і вось, калі яны вырашаныя не будуць, гэта можа закансерваваць працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, а пры пэўных абставінах — гэты працэс нават разгарнуць назад", — заявіў Арэшкін.

Галоўным вынікам паглыблення інтэграцыі стане "стварэнне прасторы сапраўды роўных умоў для развіцця і рэалізацыі патэнцыялу нашых грамадзян", заключыў расійскі міністр.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239