Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/19/ru_1011158_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 13:56
19.07.2019 11:29 Палітыка, Эканоміка

МЗС РФ: Казаць пра кампенсацыю для Беларусі па падатковым манеўры некарэктна

Мінск, 19 ліпеня. Казаць пра кампенсацыю Беларусі стратаў з-за правядзення ў Расіі падатковага манеўру некарэктна, заявіў намеснік міністра замежных спраў РФ Рыгор Карасін у інтэрв`ю МИА "Россия сегодня", апублікаваным 19 ліпеня.

"Перш за ўсё, падатковы манеўр — гэта суверэнная права Расіі, таму наўрад ці карэктна гаварыць пра якую б там ні было кампенсацыю", — адзначыў дыпламат.

Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра "магчымае садзеянне Беларусі ў змякчэнні наступстваў падатковага манеўру, які праводзіцца ў Расіі". "Гэтае пытанне ў прапрацоўцы, яно будзе вырашанае комплексна. У гэтай сувязі даваць якія-небудзь ацэнкі цяпер заўчасна", — дадаў ён.

Каментуючы двухбаковыя перамовы аб выплаце кампенсацыі Беларусі з-за забруджвання нафты ў трубаправодзе "Дружба", Карасін адзначыў, што пытанне "знаходзіцца ў стадыі разгляду".

Раней прадстаўнікі расійскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што пра кампенсацыю наступстваў падатковага манеўру можна будзе казаць пасля зацвярджэння праграмы па паглыбленні двухбаковай інтэграцыі.

Між тым пасол Беларусі Уладзімір Сямашка 16 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, дзе праходзіў форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, заявіў журналістам, што пытанне кампенсацыі падатковага манеўру трэба вырашаць, не звязваючы з узмацненнем інтэграцыі.

Паводле слоў пасла, у перамовах па падатковым манеўры бакі "знайшлі разуменне", аднак у РФ заяўляюць, што "канчаткова разабрацца з гэтай праблемай і прыняць неабходныя рашэнні можна будзе толькі пасля вырашэння пытання аб паглыбленні інтэграцыі". "Я лічу, што нельга звязваць адны рэчы з іншымі, таму што тое, што наспела ў рамках іншых пагадненняў, іншых дамоўленасцяў, трэба вырашаць, і даўно трэба было вырашаць — ужо з 31 студзеня гэтага года", — сказаў на заканчэнне Сямашка.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239