Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/19/ru_1011235_658974/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 13:49
19.07.2019 16:45 Грамадства, Эканоміка

Суд апраўдаў галоўнага інжынера МЗКЦ (дапоўнена)

Мінск, 19 ліпеня. Галоўны інжынер ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" Андрэй Галавач, які абвінавачваўся ў карупцыйных злачынствах, апраўданы. Прысуд 19 ліпеня абвясціла суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Святлана Чараповіч.

Андрэй Галавач быў затрыманы вясной 2015 года разам з некалькімі супрацоўнікамі прадпрыемства. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару больш як на 180 тыс. дэнамінаваных рублёў. Суд у лютым 2018 года апраўдаў Галавача, але адразу пасля вынясення рашэння аб апраўданні яго затрымалі ў зале суда паводле падазрэння ў атрыманні хабару на 192 тыс. долараў і 35 тыс. еўра. Згодна з версіяй следства, гэтыя падзеі адбываліся ў 2008—2015 гадах. Абвінавачанне Галавачу выставілі на падставе чч. 2, 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса.

Пракурор прасіў суд пакараць топ-менеджара дзевяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады кіраўнікоў на пяць гадоў, канфіскацыяй усёй маёмасці і штрафам у тысячу базавых велічынь (25,5 тыс. рублёў).

Абарона прасіла суд апраўдаць Галавача з-за недаказанасці віны. Адвакаты звярнулі ўвагу на тое, што ні адзін з чатырох ключавых сведак не з`явіўся на судовае пасяджэнне. Былі зачытаныя паказанні, дадзеныя сведкамі падчас папярэдняга следства яшчэ ў 2016—2017 гадах, пры расследаванні папярэдняй крымінальнай справы ў дачыненні да Галавача, па якой ён быў апраўданы. Пры гэтым некаторых сведак апытвалі дыстанцыйна, з накіраваннем у СК лістоў са сведчаннямі.

Галавач катэгарычна адмаўляў сваю віну. Выступаючы ў судзе з апошнім словам 16 ліпеня, ён падкрэсліў, што следства першапачаткова мела абвінаваўчы ўхіл і не ўлічвала ўсіх абставін правядзення працэдур закупкі станкоў і абсталявання. Падсудны адзначыў, што знаходзіцца ў СІЗА ўжо больш за 50 месяцаў. "Я веру, што высокі суд прыме справядлівае рашэнне, і ўвесь гэты кашмар скончыцца", — заявіў ён.

Пасля абвяшчэння прысуду Галавач быў вызвалены ў зале суда. У гутарцы з журналістамі ён заявіў, што спадзяваўся на апраўдальны прысуд "з першага дня" пасля затрымання. "Правасуддзе павінна быць, зараз можна верыць, што яно ёсць", — сказаў галоўны інжынер МЗКЦ.

Ён падзякаваў супрацоўнікам завода, якія пасля затрымання сабралі і накіравалі ў органы ўлады больш за тры тысячы подпісаў у яго падтрымку.

Галавач паведаміў, што плануе выйсці на працу. "Я не звольнены, кантракт на маю працу тройчы працягваўся, пакуль я знаходзіўся ў СІЗА", — сказаў ён.

Пры гэтым галоўны інжынер МЗКЦ адмовіўся падзяліцца меркаваннем наконт таго, хто мог яго агаварыць. "Цяжка сказаць, не хачу выдумляць", — сказаў ён.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239