Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/20/eu_1011164_405025/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 12:58
20.07.2019 10:31 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Пасол Вялікабрытаніі: Не разумею, чаму беларускія ўлады не гатовыя слухаць крытыку сваіх грамадзян

Мінск, 20 ліпеня. Вялікабрытанія і Еўрасаюз працягваюць крытыкаваць Беларусь за адсутнасць развіцця ў сферы грамадзянскіх і палітычных правоў, адзначыла ў інтэрв'ю БелаПАН пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб, якая ў жніўні з'язджае з Мінска ў сувязі з заканчэннем дыпламатычнай місіі.

"Ваш урад вельмі любіць казаць, што Беларусь з'яўляецца маладой краінай, таму для грамадзян больш важнае забеспячэнне іх эканамічных правоў і права на адукацыю. Грамадзянскія і палітычныя правы ўлады лічаць нечым менш важным. Але мы, у Еўрасаюзе, не згодныя з такой пазіцыяй. І я не разумею, чаму ўлады не гатовыя слухаць меркаванне сваіх грамадзян і крытыку па розных пытаннях", — падкрэсліла дыпламат.

У якасці станоўчага прыкладу Гіб прывяла сітуацыю ў Брэсце, дзе больш за год актывісты пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. "Месяц за месяцам мясцовыя ўлады адмаўлялі людзям у дазволе на правядзенне акцый пратэсту, актывістаў затрымлівалі, штрафавалі і гэтак далей. Цяпер арыштавалі ўладальніка завода, праводзяцца праверкі", — нагадала яна.

"Добра, што ўлады прыслухаліся да жыхароў горада, але колькі, на жаль, спатрэбілася часу для таго, каб чыноўнікі задумаліся пра тое, што ў грамадзян ёсць права на крытыку", — дадала Гіб.

"Калі грамадзяне хочуць пратэставаць супраць чагосьці, то не бачу прычын, чаму ўлады забараняюць людзям выказаць іх меркаванне, іх грамадзянскую пазіцыю", — заявіла пасол.

Паводле яе слоў, у Беларусі таксама захоўваецца праблема са свабоднай працай недзяржаўных СМІ. "Справа БелТА" ў жніўні мінулага года была жахлівай, у ёй не было ніякай патрэбы. І мне здаецца, што ўлады разумелі, што абвінавачанне было надуманым, але не чакалі такой рэакцыі міжнароднай супольнасці. Мы працягваем крытыкаваць адсутнасць развіцця ў сферы грамадзянскіх і палітычных правоў", — сказала Гіб.

Пры гэтым яна адзначыла, што з боку беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыі "часам ёсць завышаныя чаканні, што мы (еўрапейскія дыпламаты. — БелаПАН.) будзем адкрыта крытыкаваць беларускія ўлады".

"Але мы — дыпламаты, паслы, знаходзімся тут з дазволу ўрада Беларусі і павінны гэта паважаць. Адкрыта выступаць з рэзкай крытыкай контрпрадуктыўна, аднак гэта не значыць, што мы не выказваем крытыку за зачыненымі дзвярыма, мы яе выказваем, — сказала Гіб. — Некаторыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі кажуць, што мы не павінны працаваць з уладамі. Але гэта, па-мойму, бессэнсоўна. Вядома, трэба размаўляць і з прадстаўнікамі ўрада. Камунікацыя — гэта вельмі важна. Мы не заўсёды можам дамовіцца, але абмяркоўваць праблемы неабходна".

Яна звярнула ўвагу на тое, што за апошнія гады сітуацыя ў Беларусі крыху змянілася — улады дэманструюць жаданне развіваць адносіны з Еўрасаюзам і ЗША.

"Я ведаю, што Беларусь спрабуе збалансаваць адносіны з Расіяй і Захадам. І для нас гэта не пытанне выбару Беларуссю паміж Расіяй і Захадам. У Беларусі ёсць суседзі, памяняць іх нельга, таму важна развіваць нармальныя адносіны з усімі. Адносіны з Расіяй — вялікім і важным суседам, з якім ёсць агульныя гісторыя, культура, мова, — гэта вельмі важна, — падкрэсліла пасол. — Вялікабрытанія і ЕС лічаць, што ў Беларусі ёсць права развіваць адносіны з рознымі краінамі. Я і мае еўрапейскія калегі шмат працуем для таго, каб развіваць адносіны з Беларуссю, якая з'яўляецца важнай краінай у цэнтры Еўропы".

Брытанскі дыпламат таксама адзначыла, што беларускія чыноўнікі любяць казаць пра Беларусь як пра мост паміж Захадам і Усходам. "Але каб быць мостам, Беларусь павінна разумець Еўропу і Еўрасаюз, павінна разумець нашы памкненні. Таму важна, што ў нас наладзіўся дыялогу, што мы можам размаўляць адзін з адным", — падкрэсліла Гіб.

На пытанне, ці можа быць здзейсненая беларуская ініцыятыва "Хельсінкі-2" і ці здолее Мінск стаць пляцоўкай для перамоў аб новай светабудове, Гіб адзначыла, што такая пляцоўка ўжо ёсць — гэта Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

"Беларусь — член АБСЕ, і я ведаю, што нядаўна ўрад Беларусі вылучыў некалькі свежых прапаноў па пытаннях бяспекі, — сказала Гіб. — Я не азнаёмленая з дэталямі гэтых прапаноў, таму не магу іх каментаваць. Але Беларусь вельмі сур'ёзна ставіцца да пытанняў бяспекі, і мы гэта вітаем. Я ўпэўненая, што калегі з краін — членаў АБСЕ вельмі ўважліва разгледзяць прапановы Беларусі".

З ініцыятывай аб новым Хельсінкскім працэсе Аляксандр Лукашэнка выступіў у ліпені 2017 года на адкрыцці 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску. "Гэты крок не варта ўспрымаць як нейкую гучную міжнародную ініцыятыву дзеля ініцыятывы. Ён у першую чаргу адлюстроўвае нашу ацэнку і занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця рэгіянальных працэсаў", — падкрэсліў Лукашэнка.

Поўны тэкст інтэрв'ю Фіёны Гіб публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.  

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239