Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/20/ru_1011168_123/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 04:46
20.07.2019 10:37 Грамадства

Фіёна Гіб: Абарона правоў ЛГБТ-супольнасці — адзін з аспектаў тэмы правоў чалавека

Мінск, 20 ліпеня. Абарона правоў ЛГБТ-супольнасці — адзін з аспектаў тэмы правоў чалавека. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіла пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб, адказваючы на пытанне, наколькі прынцыповым з'яўляецца для брытанскага пасольства вывешванне вясёлкавага сцяга ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй.

Апошнія некалькі гадоў 17 мая пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску вывешвае над будынкам дыпмісіі вясёлкавы сцяг. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўную рэакцыю з боку кіраўніцтва МУС Беларусі.

"Мы вывешвалі сцяг не для таго, каб прасоўваць ЛГБТ, а для таго, каб прыцягнуць увагу да праблемы дыскрымінацыі, — падкрэсліла Гіб. — Гэтае пытанне важнае не толькі для нашага пасольства, але і для нашай краіны, нашага ўраду. Нашае МЗС падтрымлівае ідэю з вывешваннем вясёлкавага сцяга, і я вырашыла, што мы павінны яго вывесіць".

Паводле слоў брытанскага дыпламата, перад тым, як прыняць такое рашэнне ў гэтым годзе, яна кансультавалася з прадстаўнікамі беларускай ЛГБТ-супольнасці. "Я памятаю, што год таму быў усплёск гамафобных каментароў, і мне не хацелася, каб ЛГБТ-супольнасць неяк пацярпела з-за майго рашэння вывесіць сцяг. Яны абмеркавалі гэта паміж сабой і вярнуліся з адказам: яны хацелі б, каб пасольства зноў вывесіла вясёлкавы сцяг", — распавяла Гіб.

На пытанне, ці становіцца беларускае грамадства больш талерантным у адносінах да ЛГБТ-супольнасці, яна адказала: "Я не ведаю беларускае грамадства знутры, не жыву ў ім. Але сярод маіх знаёмых у Беларусі ёсць толькі тры-чатыры чалавекі, хто адкрыта гаворыць пра сваю прыналежнасць да ЛГБТ. Хоць мне здаецца, што сітуацыя ўсё ж крыху лепей, чым была, напрыклад, пяць гадоў таму".

Напрыклад, адзначыла Гіб, калі ў мінулым годзе Ігар Шуневіч, які займаў на той час пасаду міністра ўнутраных спраў, даў інтэрв'ю, у якім груба выказаўся ў дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, гэта абурыла многіх. "Я ведаю, што многія людзі, нават тыя, якія ніколі не падтрымлівалі ЛГБТ, крытыкавалі словы міністра. Мне здаецца, што гэта пазітыўны крок", — лічыць брытанскі дыпламат.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239