Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/20/ru_1011169_456987/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 01:32
20.07.2019 10:38 Палітыка, Грамадства

Пасол Вялікабрытаніі: У пытанні адмены смяротнага пакарання грамадская думка не павінна быць вырашальным фактарам

Мінск, 20 ліпеня. У пытанні адмены смяротнага пакарання грамадская думка не павінна быць вырашальным фактарам, заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб, якая ў жніўні з'язджае з Мінска ў сувязі з заканчэннем дыпламатычнай місіі.

"Патрэбная палітычная воля дзяржавы, якая павінна адукоўваць сваіх грамадзян, — перакананая яна. — Калі наш урад вырашыў адмяніць смяротнае пакаранне, грамадская думка не падтрымлівала гэтае рашэнне. Але грамадская думка не была ключавой пры прыняцці ўрадам рашэння ў 1960-х — у той час наш урад хацеў дзейнічаць паводле міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека".

Гіб падкрэсліла, што адмова ад смяротнага пакарання — гэта міжнародная тэндэнцыя. "Ёсць толькі 23 краіны ў свеце, якія прымяняюць гэтую меру пакарання. Першы крок на гэтым шляху — увядзенне мараторыя, і я не разумею, чаму беларускі ўрад не можа прыняць такое рашэнне", — сказала брытанскі дыпламат.

Фіёна Гіб лічыць, што меркаванне грамадства ў Беларусі па пытанні смяротнага пакарання мяняецца: "Я ведаю, што, паводле статыстыкі, большасць усё яшчэ выступае за смяротнае пакаранне ў краіне, але розніца паміж прыхільнікамі і праціўнікамі змяншаецца — цяпер гэта дзесьці 60% за смяротнае пакаранне і 40% — супраць".

Пасол звярнула ўвагу на тое, што калі гаворка заходзіць пра праблему смяротнага пакарання, беларускія афіцыйныя асобы заўсёды спасылаюцца на вынікі рэферэндуму, калі большасць грамадзян прагаласавалі за захаванне гэтага віду пакарання. "Але гэта вельмі збіты, заезджаны аргумент, — падкрэсліла Гіб. — З моманту рэферэндуму прайшло 23 гады. Гэта значыць, што ўсе грамадзяне, якім цяпер менш за 40 гадоў, не галасавалі па гэтым пытанні".

Паводле слоў дыпламата, разам з кіраўніком рабочай парламенцкай групы па пытанні смяротнага пакарання Андрэем Навумовічам і брытанскімі экспертамі яна наведала кожны абласны цэнтр Беларусі. "Мы сустракаліся са студэнтамі ва ўніверсітэтах, і большасць студэнтаў, з якімі мы размаўлялі, не выступаюць за смяротнае пакаранне. Мне здаецца, што неабходна працягваць працу па асвеце і распаўсюджванні інфармацыю аб гэтай праблеме. І ў нашага пасольства ёсць такі намер", — дадала Фіёна Гіб.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239