Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/22/eu_1011370_589647/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 05:34
22.07.2019 12:28 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка: У нас з ЕС агульная бяда — Украіна (дапоўнена)

Мінск, 22 ліпеня. Аляксандр Лукашэнка разлічвае на спрыянне Еўрапейскага саюза ў стабілізацыі сітуацыі ва Украіне. Пра гэта ён заявіў 22 ліпеня на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, якая завяршае дыпмісію ў Беларусі.

"У нас ёсць з вамі агульная праблема, можна сказаць, бяда — Украіна. Я вельмі добра ведаю ўкраінскі народ і ўсё тое, што сёння адбываецца ва Украіне, — гэты народ таго не заслужыў. Прайшлі прэзідэнцкія, парламенцкія выбары, важнае пытанне так ці інакш там вырашанае — пытанне ўлады. У свой час Еўрапейскі саюз даў шмат абнадзейлівых сігналаў для гэтай брацкай для нас краіны і братняга для нас народа. Я б вас вельмі прасіў паспрыяць стабілізацыі сітуацыі ва Украіне", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён падкрэсліў, што разлічвае на гэта не толькі таму, што асабіста суперажывае ўкраінскаму народу. "Справа ў тым, што гэтая праблема наша з вамі — мы, украінцы і вы жывем у адным рэгіёне. Гэты нарыў, гэты галаўны боль для Еўрапейскага саюза трэба як мага хутчэй ліквідаваць. Таму я з усёй адказнасцю прашу вас, як бы ні было складана вам зараз, з'язджаючы ў іншую краіну, перадаць гэты сігнал Еўрапейскаму саюзу: Украіна мае патрэбу ў падтрымцы", — лічыць Лукашэнка.

На яго думку, ЕС "нясе поўную адказнасць за падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, бо ён у свой час прапанаваў ёй альтэрнатыву — пайсці на збліжэнне з Еўропай". "Украіна пайшла і арыентуецца на Еўропу, напэўна, зараз больш, чым на Расію, Беларусь, ЕАЭС. Еўрапейскі саюз сказаў "а", павінен сказаць "б", калі гаварыць па шчырасці. Трэба дапамагчы ўкраінскаму народу", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Андрэа Віктарын была прызначаная на пасаду кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ў ліпені 2015 года. Цяпер яна ўзначаліць прадстаўніцтва ЕС у Арменіі. Ужо вядома, што яе пераемнікам у Мінску стане Дзірк Шубель, які апошнім часам кіраваў упраўленнем Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) па Расіі.

Шубель некалькі разоў наведваў Беларусь у якасці начальніка аддзела двухбаковых адносін з краінамі Усходняга партнёрства ЕСЗД, апошні раз — у ліпені мінулага года. Ён узначальваў дэлегацыю Еўрапейскага саюза на чарговым, пятым, раўндзе дыялогу каардынацыйнай групы "Беларусь — ЕС" па правах чалавека.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН