Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/23/ru_1011536_1011537/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 13:52
23.07.2019 16:12 Грамадства

Мінабароны: У беларускай арміі адбываецца тры-пяць суіцыдаў у год

Мінск, 23 ліпеня. У Беларусі ў год адбываецца да пяці суіцыдаў сярод ваеннаслужачых, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў 23 ліпеня ў Мінску на пасяджэнні круглага стала "Прызыў восень-2019 па новым законе — чаму скарочаныя адтэрміноўкі".

"У 1995 годзе было 102 загінулых і 42 самагубствы. Для нас гэта не статыстыка, а трагедыя. Як і трагедыя тое, што ў апошнія гады — тры-пяць суіцыдаў у год", — сказаў ён.

Пры гэтым, на думку Макарава, верагоднасць загінуць па-за арміяй вышэйшая, чым у перыяд праходжання тэрміновай службы.

Прэс-сакратар Мінабароны негатыўна ўспрыняў крытыку журналістаў у адрас ведамства за тое, што яно неаператыўна паведамляе пра трагедыі ва Узброеных сілах, а інфармацыю даводзіцца атрымліваць з неафіцыйных крыніц. Макараў раскрытыкаваў тэлеграм-каналы і сайты, якія паведамляюць пра такія выпадкі. "Эпоха постпраўды — сёння аргументы замяняюцца эмоцыямі. Ёсць інфармацыйныя рэсурсы, якія выконваюць заказ, якім за тое плацяць грошы", — лічыць палкоўнік.

На яго думку, Мінабароны аператыўна інфармуе грамадскасць аб негатыўных фактах. "Але ёсць сацыяльная адказнасць пры паведамленні пра суіцыд. Адназначна ваеннае ведамства аператыўна інфармуе грамадскасць. Называць прычыны, нешта падрабязна расказваць — гэта будзе верхам подласці ў дачыненні да гэтых людзей і іх сваякоў, — сказаў Макараў. — Што тычыцца апошніх двух гадоў, то вельмі падрабязным чынам у кожным выпадку мы інфармуем. Але рабіць шоу на крыві — гэта вельмі дрэнна".

На яго думку, калі б "беларусы не былі самай здаровай нацыяй", то інфармацыя аб суіцыдах у арміі за апошнія гады выклікала б ўсплёск суіцыдальных і іншых негатыўных настрояў у грамадстве.

Як лічыць кансультант галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных сіл Андрэй Мурашоў, выпадкі суіцыдаў і нестатутных адносін у арміі нельга замоўчваць, але паведамляць пра іх трэба так, "каб не ствараць напружанасць у грамадстве".

"Трэба нейкія нездаровыя фактары, якія ўплываюць на гэтыя працэсы, выключыць. І пра гэта інфармаваць насельніцтва. А калі ідзе пастаяннае запалохванне насельніцтва — гэта дае адваротны вынік, — заявіў ён. — Ці гатова ўсё наша насельніцтва адэкватна ўспрымаць інфармацыю? Ну не трэба кожны асобны выпадак, прычыны якога будуць устаранёны, выносіць на ўсеагульны агляд. Ці трэба нам лішні раз бударажыць народ? Павінен быць разумны баланс, трэба разбірацца з кожным выпадкам. Мы не савецкая армія, нічога не замоўчваецца, разбіраемся з кожным выпадкам. Не трэба па адным выпадку агульна даваць ацэнку".

У сувязі з гэтым Мурашоў успомніў аб нашумелым выпадку гібелі ў навучальным цэнтры ў Печах пад Барысавам радавога Аляксандра Коржыча, прызнаным следствам і судом давядзеннем да самагубства. "Па тым жа радавым Коржычу. На тым жа паверсе, дзе служыў радавы Коржыч, ёсць іншае падраздзяленне, дзе расследаваннем не выяўлена ніводнага выпадку нестатутных узаемаадносінаў. Чаму зрабілі поўны арэол на ўсе Печы? Увосень 2017 года, калі здарылася гэта няшчасце, у СМІ быў узняты ажыятаж па гэтым пытанні. Гэта адбывалася ў самай актыўнай фазе прызыўной кампаніі — у лістападзе. І мы таксама адпраўлялі маладых людзей у гэтыя ж Печы. Уяўляеце, на якім фоне трэба было ісці?" — заявіў прадстаўнік Мінабароны.

У сваю чаргу Макараў падкрэсліў, што нестатутныя адносіны ў беларускай арміі спыняюцца, а гібель Коржыча — "прыватны выпадак, няхай страшны". "Нестатутныя ўзаемаадносіны ў выпадку ваенных дзеянняў — гэта гібель падраздзялення, калі яму прыйдзецца выконваць баявыя задачы", — сказаў прэс-сакратар ведамства.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239