Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/07/24/eu_1011606_123/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:38
24.07.2019 14:20 Эканоміка, Фінансы, Беларусь — Еўрасаюз

Еўрапейскі інвестбанк гатовы падтрымаць структурныя рэформы ў Беларусі

Мінск, 24 ліпеня. Еўрапейскі інвестыцыйны банк гатовы аказаць падтрымку Беларусі ў выпадку рэалізацыі структурных рэформаў у краіне, паведаміў віцэ-прэзідэнт банка Вазіл Худак на прэс-канферэнцыі ў Мінску 24 ліпеня.

Паводле слоў Худака, напярэдадні ў яго адбылася сустрэча са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўлам Калаурам, падчас якой уздымалася тэма перспектыў нацыянальнай эканомікі. "Ён звярнуў увагу, што эканамічны рост у краіне дасягнуў патэнцыялу, і каб развівацца хутчэй, чым на 2,5-2,8% за год, неабходна пайсці на структурныя змены або рэформы", — сказаў віцэ-прэзідэнт ЕІБ.

Вазіл Худак падкрэсліў, што многія структурныя змены, рэалізаваныя ў Еўропе, былі "дастаткова балючымі".

"Я сам у свой час узначальваў Міністэрства эканомікі Славакіі і памятаю, як няпроста нам даваліся рашэнні ў дачыненні да людзей. Нікому не падабаецца, калі растуць цэны на энергарэсурсы, на ацяпленне і транспартныя паслугі, але мы вымушаныя былі гэта рабіць", — сказаў Худак.

Ён паведаміў, што ЕІБ гатовы падтрымаць рэалізацыю структурных рэформаў у Беларусі. "Вядома, мы разумеем, што структурныя рэформы маюць пад сабой суверэннае рашэнне Беларусі. Са свайго боку мы гатовыя аказаць у выпадку неабходнасці падтрымку для рэалізацыі такіх рэформаў. Мы гатовыя даць экспертны вопыт Еўрасаюза па гэтым пытанні", — адзначыў Худак.

Ён таксама дадаў, што эксперты банка гатовы падзяліцца з Беларуссю вопытам, як можна дзякуючы рэформам павысіць прадукцыйнасць працы.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці гатовы ЕІБ нароўні з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця ўдзельнічаць у падрыхтоўцы беларускіх дзяржкампаній да прыватызацыі, Худак зазначыў, што мандат у гэтых міжнародных фінансавых арганізацый некалькі адрозніваецца.

"У адрозненне ад ЕБРР, мы не можам браць удзел у капітале прадпрыемства, якое рыхтуецца да прыватызацыі. Але мы можам аказваць падтрымку ў выглядзе тэхнічнай дапамогі, экспертнай падтрымкі для працы ў дзяржаўным сектары", — растлумачыў прадстаўнік ЕІБ.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН